Горадня
4 сьнежня ў Горадні адбыўся суд над баптысцкім пастарам Васілём Трубчыкам. Тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія: не — вайне!» паведаміў, што пастара аштрафавалі. Да суду ён тры дні правёў у зьняволеньні. Пастар горадзенскай грамады хрысьціян-баптыстаў быў затрыманы 1 сьнежня.
Васіль Трубчык — вядомы прапаведнік і хрысьціянскі аўтар, актыўна вядзе ўласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Як адказны рэдактар выдавецтва «Крынiца жыцьця» Саюзу ЭХБ у Беларусі быў адным з арганізатараў адзначэньня 500-годзьдзя першай друкаванай беларускай кнігі — Бібліі Францішка Скарыны.
Суд у Баранавічах за «абразу» Лукашэнкі
Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічаў правёў выязное паседжаньне ў справе 48-гадовага Валерыя Тацына, якога абвінавацілі ў «абразе» Аляксандра Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Суд праходзіў у Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасьці імя Чарнышова. Сюжэт аб гэтым зьняў дзяржаўны тэлеканал. У залі прысутнічала моладзь, у асноўным навучэнцы каледжу.
Тацын, як гаворыцца ў сюжэце, «выкарыстоўваў гаджэты і публічную сетку для выказваньня ўласнай думкі». Старшая памочніца міжраённага пракурора Сьвятлана Пасемка заявіла, што ён з мабільнага тэлефона зрабіў пяць публікацыяў, якія абражаюць гонар і годнасьць Лукашэнкі.
На судзе Валеры Тацын прасіў не пазбаўляць яго волі, бо ён дапамагае хворай маці, а бабулі 98 гадоў, і яму «не хацелася б іх пакідаць адных».
Судзьдзя Мікалай Кміта прысудзіў яму 1 год калёніі агульнага рэжыму. Пасьля абвяшчэньня выраку асуджанага павялі ў кайданках з залі суду. У сюжэце заявілі, што гэта «прымусіла прысутных задумацца», ці трэба было «паддавацца дэструктыўнаму ўплыву і публічна абражаць» Лукашэнку. Праваабаронцы мяркуюць, што Тацын, пэўна, працаваў у гэтым каледжы.
У Менску пачынаюць судзіць палітзьняволенага Дзьмітрыя Сьвічкарова
Менскі гарадзкі суд 4 сьнежня пачынае разгляд крымінальнай справы Дзьмітрыя Сьвічкарова, якога абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361-1 КК), фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-2 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Макарэвіч.
Палітзьняволенага Дзьмітрыя Сьвічкарова затрымалі 2 жніўня. Яго трымаюць у СІЗА № 1 Менску. Вядома, што ў яго ёсьць маленькае дзіця.