Як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі, толькі за мінулы дзень стала вядома пра пяць выпадкаў узгараньняў у лясах Менскай, Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцяў.
21 красавіка стала вядома пра выпадкі ўзгараньняў у Бараўлянскай (Менскі раён) і Чачэрскай (Гомельская вобласьць) спэцыяльных лясных гаспадарках, а таксама Палескай (Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці), Мілашавіцкай і Петрыкоўскай (Гомельская вобласьць) лясных гаспадарках.
Буйны пажар у Столінскім раёне каля вёскі Старына тушаць з удзелам авіяцыі МНС, паведаміла прэс-служба МНС Беларусі. Сытуацыя ўскладняецца тым, што мясцовасьць забалочаная і пад’язных дарог няма. У ліквідацыю пажару залучылі тры верталёты: Мі-8, Мі-17 і Мі-26.
У Менскім раёне гарыць лес каля вёскі Кайкава. Яго ліквідаваць складана з прычыны браку пад’язных шляхоў і парываў ветру. Пажар тушаць 22 супрацоўнікі МНС і 50 супрацоўнікаў Менскай лясной гаспадаркі, таксама 17 адзінак тэхнікі, паведамляе МНС.
У Магілёўскай вобласьці лясная ахова таксама дапамагла патушыць гарэньне сухой травы на сельскагаспадарчых палетках на тэрыторыі Расеі каля мяжы зь Беларусьсю — дзякуючы гэтаму агонь не перайшоў на тэрыторыю Горацкага лясгасу, паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі.
«Сытуацыя складаная. Паведамленьні аб узгараньнях прыходзяць адно за адным, — прызнаў міністар лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандар Кулік.
Міністар раскрытыкаваў працу асобных дырэктараў лясгасаў Гомельскай і Горадзенскай вобласьцяў і папярэдзіў пра «пэрсанальную адказнасьць кіраўнікоў за прыняцьце пісьмовых кіраўнічых рашэньняў аб тушэньні лясных пажараў». Цяпер на лясных пажарах працуюць і асобныя работнікі міністэрства.
За мінулыя выходныя работнікі лясной гаспадаркі зьліквідавалі 26 лясных пажараў на плошчы звыш 100 гектараў, адзначылі ў міністэрстве.
Практычна паўсюдна ў Беларусі дзейнічаюць абмежаваньні на наведваньне лясоў. У трох раёнах краіны — Баранавіцкім, Ляхавіцкім, Хвойніцкім — цалкам забаранілі наведваць лясы. Актуальную інфармацыю можна ўведаць на мапе.
20 красавіка работнікі лясной гаспадаркі зьліквідавалі маштабны лясны пажар у Лельчыцкім раёне каля мяжы з Украінай.
19 красавіка ў Беларусі зьліквідавалі 16 лясных пажараў, якія былі ўва ўсіх вобласьцях краіны. Агульная плошча асяродкаў пажараў перавысіла 35 га. З пачатку 2025 году ў лясным фондзе Мінлясгасу здарылася 326 лясных пажараў на плошчы звыш 450 га.
«Шэраг узгараньняў удалося перадухіліць, з прычыны таго, што работнікі лясной гаспадаркі таксама бралі на сябе тушэньне травы на палетках, спыняючы агонь на шляху да лесу», — падкрэсьлівае ведамства.
На раніцу 22 красавіка пажар у Палескім лясгасе ўдалося лякалізаваць. Работнікі лясной гаспадаркі за мінулы дзень зьліквідавалі 19 лясных пажараў, паведамілі ў міністэрстве. Папярэдне плошча ўзгараньняў ацэньваецца ў 57,5 га. Больш гарэлі лясы ў Гомельскай вобласьці, дзе зафіксавалі 8 асяродкаў.
Агулам у тушэньне пажараў у лясах 21 красавіка лясах былі залучаныя 270 работнікаў лясгасаў, 30 пажарных аўтамабіляў і яшчэ 20 адзінак тэхнікі, у асобных выпадках да ліквідацыі ўзгараньняў прыцягвалі работнікаў МНС.
22 красавіка сытуацыя застаецца складанай: ужо вядома пра лясныя пажары ў Лунінецкім лясгасе і Нараўлянскай спэцыяльнай лясной гаспадарцы.
Форум