За вучэньнямі назіраў міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. У межах вучэньняў начальнік ГУУС Міхаіл Грыб прыняў даклады «аб арганізацыі дзейнасьці дзяржаўных органаў ва ўмовах ускладненьня апэратыўнай абстаноўкі, у тым ліку з праекцыяй на будучую выбарчую кампанію».
«Напярэдадні выбарчай кампаніі 2024 году асаблівая ўвага ўдзяляецца тэарэтычным і практычным аспэктам забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку ў няштатных сытуацыях, павышэньню ўзроўню гатоўнасьці супрацоўнікаў да рэагаваньня на магчымыя пагрозы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы МУС Беларусі.
Сілавікі ўзгаднілі «комплекс мер у забесьпячэньні правапарадку і бясьпекі грамадзян у няштатных сытуацыях».
Вынікі нарады, паводле ГУУС Менгарвыканкаму, паказалі, «што ў горадзе дастаткова сілаў і сродкаў для апэратыўнага рэагаваньня на любыя правакацыі і спыненьня іх на этапе задумы зь нязьменным прыцягненьнем вінаватых да вызначанай законам адказнасьці».
- У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае пасяджэньне «Ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе.
- Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладаць у інтэрнэт запоўнены блянк бюлетэню — як падчас датэрміновага галасаваньня, так і ў дзень выбараў. За парушэньне гэтага патрабаваньня пагражае адміністрацыйная адказнасьць.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі празрыстай і адпаведнай стандартам АБСЭ.