У судзе Ленінскага раёну Горадні 9 лістапада асудзілі Ігара Жука паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Натальля Горбач прызначыла Ігару 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»), паведамляюць праваабаронцы.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у Youtube пакінуў камэнтар у бок Лукашэнкі пад відэа «Беларусь: схаваная мабілізацыя і ўвод войскаў з Расеі | Украіна, Лукашэнка і NATO» расейскага блогера Ільлі Варламава. У яго ў тэлефоне знайшлі праграму Youtube, у якой у разьдзеле «Камэнтары» і быў такі допіс.
Ігар Жук працаваў станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў у закрытым акцыянэрным таварыстве. Да вынясеньня прысуду ён знаходзіўся пад вартай.
Сілавікі затрымалі чатырох жыхароў Баранавічаў
Пра затрыманьні піша «Медиазона» са спасылкай на праўладны тэлеграм-канал, які апублікаваў відэа з затрыманымі.
Затрыманьні былі зьвязаныя з пратэстамі 9 жніўня 2020 года ў Баранавічах. У відэа сілавікоў спачатку дэманструюцца кадры пратэстаў у горадзе. Пасьля затрыманыя мясцовыя жыхары на камэру кажуць, што бралі ў іх удзел. Як сьцьвярджаюць аўтары канала, некаторыя з затрыманых вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.
На жыхарку Берасьця завялі справу аб «фінансаваньні экстрэмізму»
У Берасьці завялі крымінальную справу супраць 54-гадовай жыхаркі горада паводле артыкулу за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, паведамілі ва УУС Берасьцейскага аблвыканкаму.
«Устаноўлена, што яна з красавіка 2021 году па сьнежань 2022 года накіроўвала грашовыя сродкі грамадзянам, якія былі зьвязаны з экстрэмісцкай дзейнасьцю. За такую фінансавую дапамогу жанчына атрымлівала матэрыяльную ўзнагароду ад прадстаўнікоў замежнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Іншых абставін справы не называюць.