Вырак у Жлобіне
Праваабаронцам стала вядома, што ў судзе Жлобінскага раёна 11 лістапада вынесьлі чарговы прысуд удзельніку масавай акцыі пратэсту, якая адбылася ў горадзе вечарам 9 жніўня 2020 года пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта.
За арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК) асудзілі Ільлю Сілкова. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Рубахава.
Ільлю затрымалі і ўстрымлівалі пад вартай з 13 верасьня 2023 года.
Ён мае вышэйшую адукацыю, удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе «Бітва розумаў» сярод навучэнцаў прававых клясаў.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Сілкоў прыняў актыўны ўдзел «у групавых дзеяньнях, разам з натоўпам людзей выходзіў на праезную частку аўтамабільнай дарогі, перашкаджаючы руху грамадзкага і іншага транспарту, разам з іншымі пляскалі ў далоні гучна крычалі, сьвісталі, выкрыквалі розныя лёзунгі».
Суд прызначыў Сілкову пакараньне ў выглядзе абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады.
Меру стрыманьня Сілкову зьмянілі з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыездзе.
Жыхара Бабруйска асудзілі на два гады калёніі за абразу Лукашэнкі
21 лістапада суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска ў закрытым судовым пасяджэньні разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да Ўладзімера Раманоўскага, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Літвін. Па прычыне закрытасьці судовага працэсу сутнасьць справы праваабаронцам «Вясны» пакуль невядомая.
Вядома, што Раманоўскага затрымлівалі ў Бабруйску падчас акцыі «кармленьня галубоў» 9 траўня 2020 года. Тады амапаўцы затрымалі ў горадзе каля 15 чалавек.
Затрымалі сантэхніка з Бабруйска
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым бабруйчанінам.
На відэа ён расказвае, што працуе сантэхнікам у Менску і яго затрымалі за фінансаваньне «экстрэмісцкай дзейнасьці» ў жніўні 2020 года.
У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома, піша Mediazona.by.