Узброеныя сілы Ізраілю пацьвердзілі выданьню The Times of Israel, што увечары 26 лістапада ваяўнікі ХАМАС перадалі Чырвонаму крыжу 17 закладнікаў — 14 ізраільскіх грамадзян, адзін зь якіх таксама мае грамадзянства Расеі, і 3 грамадзян Тайлянду. У сваю чаргу Ізраіль вызваліў з турмаў 39 палестынцаў.
Пазьней стала вядома, што вызваленых ізраільскіх закладнікаў перавезьлі ў Ізраіль.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на адмысловай прэс-канфэрэнцыі пацьвердзіў, што сярод вызваленых сёньня закладнікаў — 4-гадовая дзяўчынка Абігейл Эдан, якая мае ізраільскае і амэрыканскае грамадзянства. Адказваючы на пытаньні журналістаў, Байдэн сказаў, што выступае за працяг перамір'я паміж Ізраілем і ХАМАС, пакуль адбываецца вызваленьне закладнікаў.
З 24 лістапада ў сэктары Газа дзейнічае чатырохдзённае спыненьне агню, падчас якога адбываецца абмен закладнікаў, захопленых ХАМАС у Ізраілі 7 кастрычніка, на зьняволеных з ізраільскіх турмаў.
24 і 25 лістапада ХАМАС вызваліў агулам 26 закладнікаў-ізраільцян (па 13 чалавек кожны дзень) і 15 замежнікаў, большасьць з якіх грамадзяне Тайлянду.