Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 жніўня: яшчэ адзін вырак удзельніку пратэстаў 2020 году ў Жлобіне


Затрыманьні ў 2020 годзе. Архіўнае фота
Затрыманьні ў 2020 годзе. Архіўнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Суд Жлобінскага раёну вынес прысуд жыхару Жлобіна Сяргею Ганічаву, абвінаваціўшы яго паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

21-гадовага Сяргея, былога студэнта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, затрымалі ў канцы траўня 2022 году. Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, вечарам 9 жніўня 2020-га Ганічаў удзельнічаў у несанкцыянаванай масавай акцыі ў Жлобіне.

Як паведамляе «Вясна», суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на два гады ў калёніі агульнага рэжыму.

Як нагадвае гомельскі сайт «Моцныя навіны», у жніўні 2020 году Жлобін стаў адным з самых пратэставых райцэнтраў краіны.

Акрамя таго, што там тысячы гараджанаў патрабавалі новых выбараў і асуджалі гвалт сілавікоў, яшчэ страйкавалі на Беларускім мэталюргічным заводзе.

Кіраўніцтва прадпрыемства спачатку паабяцала выслухаць людзей і не караць за страйк, аднак у лістападзе да актыўных удзельнікаў прыйшлі зь ператрусамі. Ігара Поварава, Аляксандра Баброва, Яўгенія Говара, Паўла Магідава асудзілі на тэрміны ад 2,5 да 3 гадоў у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Павал Магідаў пасьпеў выехаць зь Беларусі.

Палітзьняволеную Алесю Буневіч перавялі ў горадзенскую турму

Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні. Яе затрымалі сёлета 4 красавіка ў межах крымінальнай справы пасьля таго, як яна прыехала зь Літвы ў Беларусь на гадавіну сьмерці маці.

Буневіч абвінавачваюць у «зьдзяйсьненьні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 КК) у межах справы «рэйкавых партызанаў». У прапагандысцкім фільме на БТ паказаны кавалак допыту Алесі, дзе яна распавядае, як купляла літоўскія SIM-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь (паказвае, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны). Таксама ў сюжэце дзяўчына распавяла пра тое, як здымала ўсё на відэа, каб пераслаць свайму куратару ў Літве.

Алеся ўтрымлівалася ў магілёўскім СІЗА, але напрыканцы жніўня яе перавялі ў гродзенскую турму № 1, паведамляюць праваабаронцы.

У Наваполацку затрымалі гітарыста рок-гурта Detroit hills Захара Сабіна

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрыманьня, якое адбылося 27 жніўня, маглі стаць рэпосты музыканта з тэлеграм-каналаў, прызнаных уладамі за тэрарыстычныя.

У Горадні затрымалі дальнабойніка Андрэя Мацонку

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Мацонка нібыта абражаў Лукашэнку і распаўсюдзіў асабістыя дадзеныя міліцыянтаў. Яму інкрымінаваны арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) и арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных), піша «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG