У Беларусі матэрыяльныя цяжкасьці зазнае 15,1% пэнсіянэраў, а 2% зь іх не хапае сродкаў нават на ежу — гэта вынікі дасьледаваньня Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўленыя на прэсавай канфэрэнцыі 17 лістапада ў Менску, піша «Позірк».
Тэлефоннае апытаньне 600 чалавек ва ўзросьце 58 гадоў і больш было праведзенае ў ліпені — жніўні 2023 году.
Паводле слоў кіраўніка інстытуцкага цэнтру апэратыўных дасьледаваньняў Аляксандра Бельскага, каля траціны апытаных заявілі пра адсутнасьць праблем. Пра праблемы са здароўем паведамілі 37,1% рэспандэнтаў, недахоп зносін — 12,8%, праблемы ва ўзаемаадносінах са сваякамі — 6,5%, дрэнныя ўмовы пражываньня — 4,8%.
Сярэднім сваё матэрыяльнае становішча назвалі 54,8% апытаных, добрым — 32,7%, дрэнным — 10,9%. «Мы можам казаць, што забясьпечанасьць пажылых грамадзян дастатковая, каб яны прадуктыўна падтрымлівалі пэўны ўзровень жыцьцядзейнасьці», — заявіў Бельскі.
Паводле яго слоў, 75,4% удзельнікаў апытаньня паведамілі, што маюць адзіную крыніцу даходаў — пэнсію, 10% дапамагаюць дзеці або іншыя сваякі, 8,7% яшчэ працуюць. Каля 3% рэспандэнтаў атрымліваюць дадатковыя выплаты ад прадпрыемстваў, грамадзкіх арганізацый або маюць даход ад асабістай падсобнай гаспадаркі.
Большасьць удзельнікаў апытаньня (78,6%) «задавальняе іх жыцьцё», а 15% «не задавальняе», 6,4% не далі рады з адказам.
«Беларускія пэнсіянэры не адчуваюць сябе ў сацыяльнай ізаляцыі, людзьмі другога гатунку, — сьцьвярджае Бельскі. — Згодна зь пераважным пунктам гледжаньня, людзі лічаць, што да іх ставяцца добра (45,7% адказаў) і нэўтральна (32,8%). Адпаведна, выходзячы на пэнсію, людзі не адчуваюць ніякай дыскрымінацыі ў сувязі з гэтым. Яны могуць працягнуць сваю працоўную дзейнасьць да пэўнага пэрыяду, колькі ім будзе неабходна. Могуць не працягваць, прысьвяціўшы сябе дзецям, унукам. На гэтым этапе жыцьця іх актыўнасьць не заканчваецца, яна трансфармуецца».
Стан інфраструктуры ў сваім населеным пункце ўдзельнікі апытаньня ацанілі на 3 балы і больш з 5. «Пэнсіянэры ацанілі на 4,4 бала асартымэнт лекавых прэпаратаў і харчовых тавараў. Праца грамадзкага транспарту не выклікае нараканьняў. Вялікую занепакоенасьць выклікае праца ЖКГ і якасьць дарог», — паведаміў прадстаўнік Інстытуту сацыялёгіі.
Вельмі добрым сваё здароўе лічаць 4,2% апытаных, дрэнным — 8,6%. Астатнія або не адказалі на пытаньне, або лічаць здароўе сярэднім. У ліку стратэгій падтрымкі стану здароўя рэспандэнты назвалі «датрыманьне рэкамэндацый лекара», «актыўны лад жыцьця», «правільнае харчаваньне», «рэгулярны мэдычны агляд» і настрой «менш нэрвавацца».
Паводле дасьледаваньня, 66,4% ўдзельнікаў апытаньня задаволеныя, а 25,6% не задаволеныя якасьцю мэдычнага абслугоўваньня па месцы жыхарства, астатнія не адказалі на гэтае пытаньне.
- У Беларусі 23,5% жыхароў — пэнсіянэры, і толькі 17,8% — моладзь. У 2030 годзе кожны пяты жыхар Беларусі будзе старэйшым за 65 гадоў.
- 23,5% жыхароў Беларусі цяпер старэйшыя за працаздольны ўзрост, то бок пэнсіянэры. Гэта 2,1 мільёна чалавек. Гэтая лічба за 10 гадоў (з 2013-га) не зьмянілася, хоць пэнсійны ўзрост за гэты час павысіўся. Цяпер на пэнсію беларускія жанчыны выходзяць у 58 гадоў, мужчыны — у 63. 10 гадоў таму мужчыны ішлі на пэнсію ў 60 гадоў, а жанчыны ў 55.
- Чыноўнікі прагназуюць, што праз 7 гадоў кожны пяты жыхар Беларусі будзе старэйшым за 65 гадоў.