Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кастрычніку ў Беларусі паскорылася інфляцыя і вырасьлі цэны на прадукты. Што падаражэла найбольш


У кастрычніку ў Беларусі паскорылася інфляцыя, істотна павялічыліся цэны на прадукты.

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў кастрычніку 2023 году вырасьлі на 7,7% у параўнаньні з тым жа месяцам 2022-га, паведамляе Нацбанк Беларусі ў новым аглядзе інфляцыйных працэсаў. Паводле зьвестак рэгулятара, у верасьні яны павялічыліся на 7,1% у гадавым вымярэньні, у жніўні — на 6,5%.

Базавая інфляцыя (ня ўлічвае сэзонных тавараў, а таксама тавараў і паслуг, цэны якіх часта зьмяняюцца ў кароткатэрміновай пэрспэктыве або рэгулююцца дзяржавай) у кастрычніку склала 1,5%, адзначаюць у Нацбанку.

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2023 году вырасьлі на 0,6%: харчовыя тавары падаражэлі на 1,2%, нехарчовыя — на 0,4%; паслугі патаньнелі на 0,1%.

Зафіксаваны анамальна высокі рост цэнаў на гародніну і істотнае падаражэньне базавых прадуктаў накшталт хлеба і аўсянай кашы, заўважыла «Люстэрка».

Так, у кастрычніку традыцыйна падаражэла некаторая гародніна. Істотна падаражэлі сьвежыя таматы (66,3% да верасьня), салодкі перац (23,4%) і сьвежыя агуркі (19,3%). Гэта збольшага зьвязана з сэзонным падаражэньнем, але варта заўважыць, што летась у кастрычніку рост цэнаў у месячным выражэньні на гэту гародніну быў не такі прыкметны — на 9,8%, 5,4% і 6,7% адпаведна.

У лідэрах па росьце цэнаў таксама апынуўся часнык, які за кастрычнік падаражэў на 9,7%. Гэта ня імпартны прадукт, таму такі рост цэнаў нетыповы, калі ўлічыць, што адносна нядаўна быў збор ураджаю. Летась за кастрычнік 2022 году часнык падаражэў на 0,5%.

Алей за месяц падаражэў на 4,2%, рыс — на 3,8%, салёны селядзец — на 3,2%, харчовая кухонная соль — на 2,8%.

Аўсяныя шматкі за кастрычнік падаражэлі на 1,5%, мінэральная і пітная вада — на 1,5%, хлеб з мукі пшанічнай вышэйшага гатунку — на 1,4%, мясны фарш — на 1,2%, цьвёрды і паўцьвёрды сыр — на 1,2%, курыныя яйкі — на 1,1%, паўфабрыкаты зь мяса птушкі — на 0,8%, сасіскі і сардэлькі — на 0,8%, мука пшанічная — на 0,7%, курынае мяса (у тым ліку бройлераў) прыбавіла ў цане 0,6%, бескасьцёвая сьвініна — 0,5%.

Аліўкавы алей за мінулы месяц падаражэў на 5,2%, сухафрукты — на 1,9%, чорная гарбата — на 1,3%, кава — на 1,2%.

Падвысіліся і цэны прысмакаў. Глязураваныя шакаляднай глазурай цукеркі падаражэлі на 3,4 адсотка ў параўнаньні зь верасьнем, шакаляд — на 3,1%, зэфір — на 2,3%, булачкі здобныя з мукі пшанічнай вышэйшага гатунку — на 1,3%.

Варта адзначыць, што гэта афіцыйныя сярэднія лічбы, якія дае Белстат.

  • Рост цэнаў пацьвярджае, што нават пры цьвёрдым рэгуляваньні спыніць іх рост немагчыма (калі гэта ня поўная забарона на зьмену цаны тавараў у крамах).
  • 6 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка забараніў падвышаць цэны адмысловай дырэктывай № 10.
  • 19 кастрычніка ўрад прыняў альтэрнатыву — пастанову аб рэгуляваньні цэнаў на пэўныя тавары. Ім увялі гранічныя надбаўкі для імпартэраў і гандлю. Пазьней у яе двойчы ўносілі зьмены. У гэтай сытуацыі асартымэнт некаторых тавараў скараціўся, а па асобных пазыцыях і зусім узьнік недахоп.
  • На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй Беларусі арганізавалі маштабныя рэйды, за павышэньне цэнаў заводзілі крымінальныя справы.
  • У кастрычніку і лістападзе 2022 году пасьля ўвядзеньня рэгуляваньня цэнаў у цэлым па Беларусі зафіксавалі зьніжэньне цэнаў, а ў сьнежні яны зноў пачалі расьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG