Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Налета тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі падвысяць двойчы


У 2024 годзе тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі (ЖКП) маюць намер падвысіць двойчы, як і ў 2023-м, — з 1 студзеня і з 1 чэрвеня.

Пра гэта журналісту «Зеркала» як фізычнай асобе паведаміў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка падчас прамой тэлефоннай лініі.

«З 1 студзеня будзе першае павелічэньне. Не скажу, што канкрэтна падаражэе, гэтым пытаньнем займаецца Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ). Але будзе невялікае павелічэньне — у межах паловы базавай велічыні па сярэдняй кватэры, на сёньня гэта 18,5 рублёў па сярэдняй кватэры, — сказаў Рамашка. — З 1 чэрвеня падаражэюць ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне. Як звычайна, у межах устаноўленага гадавога ліміту».

Чыноўнік гаварыў пра тарыфы, якія субсыдуюцца.

З 1 студзеня, як правіла, падвышаюць памер базавай велічыні. Гэта значыць, дадатак па тарыфах на ЖКП можа быць вышэйшы, чым 18,5 рубля.

Намесьнік міністра таксама ўдакладніў, што падвышаць тарыфы на ацяпленьне да чэрвеня 2024 году няма намеру.

«Ацяпленьне ў гэтым ацяпляльным сэзоне будзем па тым тарыфе лічыць, які цяпер дзейнічае. Ён будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня. Міністэрства энэргетыкі з МАРГ усталёўваюць тарыфы на ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне. Тарыф застанецца зімой нязьменны, ён такі будзе да чэрвеня».

У 2023 годзе тарыфы на ЖКП павышалі ў межах 5 даляраў за год у разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма асобамі, якія пражываюць пры нарматыўным спажываньні. Аднак пазьней улады прывязалі рост тарыфаў на ЖКП да памеру базавай велічыні. Рахунак за ЖКП за год можа павялічыцца ня больш як на палову базавай велічыні.

Сёлета падвышэньне тарыфаў на ЖКП прайшло ў два этапы: з 1 студзеня — на жыльлёва-камунальныя паслугі, акрамя ацяпленьня, а з 1 чэрвеня — на цеплавую і электрычную энэргію, прыродны і звадкаваны газ для ацяпленьня.

Як чакаецца, у 2024 годзе павышэньне тарыфаў на ЖКП пройдзе па такой жа схеме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG