Конкурс «неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК» прысьвяцілі 400-годзьдзю трагічнай сьмерці ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Гэтая гістарычная постаць — актыўны праваднік Берасьцейскай царкоўнай уніі і апякун Віцебскай дыяцэзіі.
Урачыстую эўхарыстыю ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Падчас службы за дыяцэзію маліліся таксама ксёндз-канонік Віктар Місевіч, канцлер курыі, і ксёндз Генадзь Рэйшаль, піша Catholicnews.by.
Рэліквіі сьвятога Язафата выстаўлены ў катэдральнай сьвятыні для ўшанаваньня і асабістай малітвы.
Пасьля службы ўсе парафіяне і госьці накіраваліся ў парафіяльную кавярню, дзе можна было паглядзець выставу работ, прысьвечаных Язафату Кунцэвічу. 38 малюнкаў было даслана з розных куткоў дыяцэзіі і зь Менску.
Спонсарамі конкурсу былі Віцебская дыяцэзія ў асобе біскупа Алега Буткевіча і Карытас-Беларусь, у асобе дырэктара гэтай дабрачыннай установы ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча. Дзякуючы іх падтрымцы пераможцы і ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі.
Язафат Кунцэвіч быў адным з галоўных праваднікоў Берасьцейскай царкоўнай уніі на землях Беларусі. У 1613 годзе ўніяты зрабілі Жыровіцкі манастыр галоўным цэнтрам уніі, перад гэтым ён перайшоў у рукі базыльянаў, манахаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Менавіта Кунцэвіч стаў яго першым ігуменам. Затым ён быў полацкім архібіскупам.
Язафат Кунцэвіч загінуў 12 лістапада 1623 году ад рук паўсталых супраць уніі жыхароў Віцебску. За гэта горад быў пазбаўлены Магдэбурскага права, а вінаватыя пакараныя сьмерцю. Сьледчую камісію ўзначальваў канцлер ВКЛ Леў Сапега.