Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня любіш Лукашэнку, значыць, экстрэміст. Што адбываецца з правасудзьдзем у Беларусі


Сьвядомае ігнараваньне прававых нормаў можа бумэрангам адгукнуцца сілавікам у будучай дэмакратычнай Беларусі.

Сьцісла:

  • За бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню працягваюць судзіць, хаця ніякім заканадаўчым рашэньнем гэтыя сымбалі не забароненыя;
  • У беларускім прававым полі адсутнічае дакладна вызначаны крытэр «экстрэмізму”;
  • Рэжым усё часьцей прымяняе да «экстрэмістаў» зваротную сілу закону, парушаючы базавы прававы прынцып;
  • Ня выключана, што могуць пачаць судзіць за колішняе сяброўства ў цяпер забароненых партыях ды арганізацыях;


Днямі ў Рэчыцкім раёне затрымалі некалькі чалавек нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і падпіскі на «забароненыя» сайты і акаўнты ў сацсетках. Падзея руцінная, такое адбываецца ледзь не штодня ў розных кутках краіны.

Не зьдзіўляе і нядаўні прысуд жыхару мястэчка Лучын Рагачоўскага раёну — 740 рублёў (20 базавых велічыняў) за намаляваны на плоце бел-чырвона-белы сьцяг: падобных судовых рашэньняў сотні.

Абсурднасьць гэтага, аднак, ня толькі ў тым, што бел-чырвона-белы сьцяг цягам некалькіх гадоў быў дзяржаўным сымбалем і існуе (як і Пагоня) у тысячах і тысячах асобнікаў — на старых блянках, на кукардах вайскоўцаў, міліцыянтаў і памежнікаў, на дзяржаўных паперах (да гэтага часу дзейных, калі гаворка ідзе аб прыватызацыі, праведзенай у 90-х) і г.д.

За нацыянальныя сымбалі судзяць як за пікетаваньне. Пры гэтым часта сілавікі проста заяўляюць, што гэта «забароненая сымболіка».

Насамрэч ніколі ніякім заканадаўчым актам (нават рашэньнем якога-небудзь райвыканкаму альбо раённага судовага органу) ні Пагоня ні бел-чырвона-белы сьцяг забароненыя не былі.

Таму ў будучай дэмакратычнай Беларусі прысуды за іх выкарыстаньне могуць быць скасаваныя, а тым, хто іх выносіў, выставяць абвінавачаньне прынамсі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Але ў прававой практыцы (а больш дакладна, у практыцы рэпрэсій) існуе яшчэ больш неверагодны ў сваім ігнараваньні базавых прававых нормаў фэномэн. Гаворка ідзе пра перасьлед за прыналежнасьць да арганізацый, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, альбо за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы.

«Экстрэмізмам» могуць прызнаць што заўгодна

Пакінем цяпер убаку тую бясспрэчную ісьціну, што ніякімі экстрэмісцкімі абсалютная большасьць такіх арганізацый ці рэсурсаў насамрэч не зьяўляюцца і ніколі імі не былі. Адметна тое, што колькі-небудзь дакладны крытэр «экстрэмізму» ў прававым полі Беларусі не зафіксаваны. У рэальнасьці ён, безумоўна, існуе: такім могуць назваць (і называюць) усё, што супярэчыць пазыцыі ўлады і канкрэтна Лукашэнкі.

Фактычна выказваньне публічнай (ці нават у вузкім коле) нязгоды з прапановай Лукашэнкі (да прыкладу, пачаць будаўніцтва другой АЭС) можа быць прыраўнавана да прапановы сабраць групу ўзброеных людзей і пайсьці на штурм адміністрацыйнага будынку.

Зрэшты, у гэтым канкрэтным прыкладзе з АЭС нязгода можа быць кваліфікаваная як спроба падарваць палітычную, эканамічную ці сацыяльную стабільнасьць дзяржавы, яе абараназдольнасьць; а ў выпадку выяўленьня на тэлефоне фігуранта кантактаў у Польшчы ці Літве што перашкаджае абвінаваціць яго ў шпіянажы ды здрадзе дзяржаве?

Базавыя прававыя прынцыпы ігнаруюць усё часьцей

Апошнім часам пачалі выносіць прысуды за сяброўства ў «экстрэмісцкіх» арганізацыях у тыя часы, калі яны яшчэ не былі прызнаныя такімі, альбо перапост з рэсурсаў ці падпіску нават за некалькі гадоў да моманту, калі іх унесьлі ў адпаведны «экстрэмісцкі» сьпіс.

Гэта завецца парушэньнем прынцыпу адсутнасьці зваротнай сілы закона ў бок пакараньня. Палягае гэты прынцып у тым, што чалавек не нясе адказнасьці за ўчынкі, калі яны былі зьдзейсьненыя да таго моманту, калі ім быў нададзены статус парушэньня альбо злачынства. Таксама, калі за прызнаны злачынствам учынак увялі больш жорсткае пакараньне, яго нельга прымяняць у дачыненьні да ўчынку, калі ён адбыўся раней.

Такую ж базісную вартасьць мае і прынцып, які забараняе судзіць за адно і тое ж двойчы. У Беларусі, як вядома, ад яго пасьля 2020 пачалі адыходзіць. Выглядае, што цяпер вырашылі ігнараваць і прынцып адсутнасьці зваротнай сілы ў бок абвінавачаньня ці абцяжараньня пакараньня.

Затое іншы прынцып — непазьбежнасьці пакараньня — сілавікі ўзьвялі ў абсалют, як выглядае, маючы на мэце пакараць усе сотні тысяч грамадзян, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Генэральны пракурор Андрэй Швед на пасяджэньні Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва нават адзначыў, што «прытрымліваньне прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня адыграла важную прафіляктычную ролю ў навядзеньні парадку» і зьмяншэньні колькасьці «экстрэмісцкіх злачынстваў» (пры тым, што налічыў генпракурор іх з 2020 году аж 16 тысяч).

У вачах сілавікоў і птушкі могуць быць небяскрыўднымі

Калі ўявіць, што імкненьне «непазьбежна» пакараць усіх, хто праявіў сваю грамадзянскую пазыцыю, спалучыцца з ігнараваньнем прынцыпу адсутнасьці зваротнай сілы закону, ды яшчэ прыгадаць, колькі палітычных ды грамадзкіх арганізацый за апошнія тры гады забаранілі, можна атрымаць уражальную карціну прававога апакаліпсісу, вартага пэндзьля Гіеронімуса Босха.

Няцяжка, напрыклад, абвясьціць экстрэмісцкімі Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якія налічвалі тысячы і тысячы сяброў.

Праўда, Васіля Быкава ці Рыгора Барадуліна за сяброўства ў БНФ, як і Ніла Гілевіча, Станіслава Шушкевіча (а між іншым, і Вячаслава Кебіча) за сяброўства ў ТБМ ужо не пакараеш, але ж ёсьць яшчэ шмат жывых, якім можна даць і штрафы, і “суткі”, і гады зьняволеньня. А дадайце сюды забароненыя культурніцкія і праваабарончыя арганізацыі!..

А Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»? Ці не палова ягоных актывістаў даўно жыве на Захадзе, і значная іх частка — увага! — у краінах NATO.

Дарэчы, пра Бацькаўшчыну. У такім ракурсе падазронай і злачыннай можа выглядаць і дзейнасьць нібыта бяскрыўднага Таварыства аховы птушак той жа Бацькаўшчыны — у старажытнасьці ніякіх тэлеграм-каналаў ды мэсэнджараў не было, а вось паштовых галубоў для шпіёнскіх мэтаў ужо выкарыстоўвалі.

«Мы будзем вас судзіць па вашых законах»

Прававая эквілібрыстыка сілавікоў пашырае прастору для іх беспакаранай пакуль што рэпрэсіўнай дзейнасьці, але яна ж можа спрацаваць і як бумэранг.

Прыгадваюцца плякаты, якія трымалі родныя тых, хто прайшоў праз катаваньні на Акрэсьціна ці быў асуджаны па палітычна матываваных абвінавачаньнях: «Мы будзем вас судзіць па вашых законах».

І калі ўявіць, што ўлада будучай дэмакратычнай Беларусі прызнае цяперашнія сілавыя структуры экстрэмісцкімі (альбо нават тэрарыстычнымі) фармаваньнямі ды скасуе прынцып адсутнасьці зваротнай сілы закону, плюс яшчэ ў максымальна поўным аб’ёме рэалізуе прынцып незваротнасьці пакараньня? Сёньняшнія пракуроры, судзьдзі, супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗІКу могуць моцна пашкадаваць аб цяперашняй, кажучы іхнай прафэсійнай мовай, «правапрымяняльнай практыцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG