Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і чаму пасьля запуску БелАЭС у Беларусі падаражэла электрычнасьць


Беларуская АЭС. каляж
Беларуская АЭС. каляж

Ад пачатку працы АЭС у Беларусі электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу. Разьбіраемся, як АЭС уплывае на кошт электраэнэргіі для людзей.

На пачатку лістапада другі энэргаблёк Астравецкай АЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю. З гэтай нагоды Лукашэнка паехаў у Астравецкі раён. Там ён заявіў пра пляны будаваць другую станцыю. Нібыта на гэта нават ёсьць грошы, якія засталіся ад будаўніцтва першай: з 10,5 мільярда даляраў патрацілі толькі 6.

Глядзім, што Астравецкая АЭС дала людзям у пляне эканоміі і як паўплывала на цэны на электрычнасьць.

Інфаграфіка
Інфаграфіка

Як падаражэла электрычнасьць


У Беларусі кошт электраэнэргіі разьлічваецца па некалькіх тарыфах. Ёсьць аднаставачны тарыф, ёсьць дыфэрэнцыяваны тарыф, дзе кошт залежыць ад часу сутак. У 2020 годзе, да пачатку працы АЭС у Беларусі, аднаставачны тарыф для кватэраў з электрычнымі плітамі быў 0,1616 рубля за кіляват-гадзіну.


Цяпер такі тарыф — 0,2090 рубля, або +22,7% у параўнаньні з 2020 годам. Пры прымяненьні дыферэнцыяванага тарыфу кіляват-гадзіна электрычнасьці ў часы максымальных нагрузак каштавала 0,3232 рубля. Цяпер — 0,4180 рубля, або +22,7% за тры гады.

Дыферэнцыяваны тарыф пры мінімальных нагрузках каштаваў у 2020-м 0,1131 рубля за кіляват-гадзіну. Цяпер — 0,1463 рубля, або плюс 22,6%.

Электраэнэргія для абагрэву каштавала 0,1109 рубля за кіляват-гадзіну ў пэрыяд мінімальных нагрузак. Цяпер — 0,1434, або плюс 20,7%. Энэргія для абагрэву ў іншы час каштавала 0,2059 рубля за кіляват-гадзіну, цяпер — 0,2664 рубля, або даражэй на 22,7%.

Такім чынам, электрычнасьць падаражэла ў межах 21-23%. Агульны ўзровень інфляцыі пры гэтым за тры гады большы за 30%. То бок электраэнэргія падаражэла менш, чым астатнія тавары і паслугі за гэты час.

Ці ўплывае АЭС на кошт электраэнэргіі?


Ніжэйшае за інфляцыю падаражэньне не зьвязанае з запускам БелАЭС, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

«АЭС — вялікая крыніца энэргіі. Трэба ўлічваць, што можа быць абрыў лініі ці праблема на станцыі, і выпрацоўка энэргіі спыняецца. Для гэтага павінна быць гарачая рэзэрва, то бок якая працуе ўхаластую. Раней не было такіх вялікіх крыніц энэргіі ў адным месцы. Чым драбнейшыя крыніцы энэргіі, тым прасьцей ствараць гэты страхавы рэсурс, які працуе ўхаластую для страхоўкі. АЭС вырабляе вельмі шмат энэргіі, такія аб’ёмы не патрэбныя. Толькі калі гэтую энэргію прадаваць. Калі АЭС увялі, многія магутнасьці перавялі на падстрахоўку АЭС, энэргія на іх вырабляецца толькі для падстрахоўкі. АЭС вырабляе таньнейшую энэргію, чым ЦЭЦ (цеплавыя электрастанцыі), але ЦЭЦ пры гэтым не закрыліся, а працуюць на рэзэрву, таму ў маштабах усёй краіны эканоміі быць ня можа», — кажа эканаміст.


Ён дадае, што Лукашэнка менавіта таму і загаварыў пра другую АЭС. А невялікае падаражэньне энэргіі ў параўнаньні з інфляцыяй Харкевіч зьвязвае зь нізкімі цэнамі на расейскі газ для Беларусі.

«Мы залежым ад расейскага газу, бо большасьць энэргіі робіцца на цеплавых станцыях. Цэны на газ значна не расьлі, таму і цана на энэргію вырасла нязначна. Кошт энэргіі на АЭС ні на што не ўплывае для жыхароў Беларусі. Дзе бліжэйшая крыніца энэргіі — ад яе і будзе сілкавацца населены пункт. АЭС патрэбная для буйных прадпрыемстваў, якім патрэбна шмат энэргіі. Для такіх прадпрыемстваў можна зрабіць ільготы, але звычайныя людзі гэтага не адчуюць», — кажа эканаміст.

На думку Аляксея Харкевіча, для беларусаў было б дастаткова крыніц зялёнай энэргетыкі і газу.

«Закрываць пытаньні ў маштабах невялікага спажываньня энэргіі выгадна малымі крыніцамі. А АЭС патрэбныя для вельмі буйнога спажыўца: заводы, крыптавалютныя фэрмы ды іншае», — кажа эканаміст.


«Уплыў АЭС пакуль немагчыма падлічыць»

Паводле акадэмічнага дырэктара дасьледчага цэнтру Beroc Льва Львоўскага, невялікі рост цэнаў на электрычнасьць можа быць зьвязаны зь невысокімі цэнамі на расейскі газ для Беларусі.

«Пакуль Беларусь яшчэ не пачала выплачваць доўг за АЭС, пытаньне, як гэтыя грошы будуць выплачвацца і адкуль брацца. Пакуль цяжка ацаніць уплыў АЭС на цэны. У цэлым АЭС можа ўплываць на цэны электраэнэргіі. Аднак з агаворкамі. Пытаньне — на якіх людзей, дзе гэтыя людзі жывуць, блізка да АЭС ці не. Таксама пытаньне, як выкарыстоўваць гэтую электраэнэргію. Для гэтага патрэбныя інвэстыцыі ў інфраструктуру. А на невысокі рост цэнаў паўплываў, хутчэй за ўсё, недарагі расейскі газ», — кажа Леў Львоўскі.

Пакуль беларускія статыстычныя органы не публікавалі статыстыку выпрацоўкі электраэнэргіі на АЭС. Апошнія дадзеныя былі апублікаваныя за 2020 год. Тады ў Беларусі агулам выпрацавалі 38,6 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. 37,5 мільярда з гэтага — на цеплавых станцыях. 338 мільёнаў кіляват-гадзін — на АЭС, якая адкрылася ў лістападзе 2020 году. Гідрастанцыі вырабілі 400 мільёнаў кіляват-гадзін электраэнэргіі, ветракі — 185 мільёнаў.

Яшчэ ў жніўні 2018 году, да пуску Беларускай АЭС, Савет міністраў зацьвердзіў плян разьвіцьця электраэнэргетычнай сыстэмы з улікам уводу АЭС. Згодна зь ім выпрацоўка энэргіі на Беларускай АЭС павінна была складаць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год. За ўвесь гэты час агулам станцыя дала тыя самыя 18 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі. То бок рэальная выпрацоўка аказалася ў 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG