Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 31 кастрычніка ў выязным паседжаньні разгледзеў крымінальныя справы мясцовых жыхароў Алега Волкава і Вадзіма Барысава. Іх абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу. Падрабязнасьці суду паведамляе «Берасьцейская вясна».
Судовы працэс, які праходзіў непасрэдна ў Баранавіцкім СІЗА №6, вяла судзьдзя Вікторыя Пакунова.
Пра дэталі судоў над імі стала вядома зь відэасюжэту, паказанага на дзяржаўным тэлеканале.
Дыктар расказаў, што адзін з мужчын вечарам 8 верасьня 2023 году ў вёсцы Новая Мыш сарваў з будынку мясцовай крамы сьцяг, пашкодзіўшы яго мацаваньне. Сьцяг паклаў у заплечнік і панёс дадому. Раніцай па мужчыну ўжо прыйшла міліцыя. Судзьдзя прызначыла яму 1 год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Там жа расказалі і дэталі другой справы: ноччу 22 ліпеня 2023-га мужчына сарваў сьцяг, таксама пашкодзіўшы мацаваньне. Сам сьцяг забраў дадому, а «потым і зусім выехаў зь ім у Маскву на заробкі». На судзе растлумачыў, што «сьцяг узяў з сабой як сувэнір на памяць». Судзьдзя таксама прызначыла адзін год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.