Яго падазраюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны: замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны, апраўданьне ўзброенай агрэсіі Расеі, а таксама разьвязваньне і вядзеньне агрэсіўнай вайны.
Сьледзтва сьцьвярджае, што патрыярх «уваходзіць у найбліжэйшы асяродак вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і адным зь першых публічна падтрымаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны».
У СБУ адзначылі, што разам з генпракуратурай сабралі доказную базу ў дачыненьні да кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы. У прэс-рэлізе таксама гаворыцца, што патрыярх Кірыл «выкарыстоўвае падкантрольныя яму рэлігійныя абшчыны РПЦ на тэрыторыі Расеі, а таксама прадстаўнікоў УПЦ (МП) ва Ўкраіне», што распаўсюджваць прапаганду.
У паведамленьні СБУ сказана, што ў сакавіку 2022 году на сайце РПЦ быў апублікаваны матэрыял аб літургіі, падчас якой патрыярх блаславіў камандуючага Расгвардыяй Віктара Золатава на вайну супраць Украіны.
- Патрыярх Кірыл неаднаразова адкрыта падтрымліваў расейскую агрэсію ва Ўкраіне і нават зладзіў 20-хвілінную лекцыю па відэасувязі папе рымскаму Францыску, пасьля чаго кіраўнік каталіцкай царквы заклікаў Кірыла не апускацца да ўзроўню «пуцінскага алтарніка».
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну патрыярх Кірыл адслужыў літургію ў галоўным храме Мінабароны Расеі, казаў аб тым, што на Данбасе ідзе «мэтафізычная барацьба», і абвінавачваў улады Ўкраіны ў заахвочваньні царкоўнага расколу. Ён таксама сьцьвярджаў, што Расея ў сваёй гісторыі ніколі ні на кога не нападала.
- Патрыярх уключаны ў санкцыйныя сьпісы Вялікай Брытаніі, Канады і Чэхіі. Эстонія і Літва забаранілі яму ўезд.