Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча прыпыніла расьсьледаваньне катаваньняў польскіх грамадзян у Менску ў жніўні 2020 году


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Катаваньні на Акрэсьціна, жнівень 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Катаваньні на Акрэсьціна, жнівень 2020 году

Пракуратура Польшчы прыпыніла расьсьледаваньне «незаконнага пазбаўленьня волі з асаблівымі катаваньнямі» ў Менску неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году, паведамляе «Позірк» са спасылкай на RMF FM.

Адзначаецца, што «больш за два гады таму» ведамства накіравала ў Беларусь «запыт аб прававой дапамозе», аднак «дагэтуль адказу на гэты дакумэнт не было». У выніку «расьсьледаваньне, якое праводзіцца Агенцтвам унутранай бясьпекі, зайшло ў тупік» і было прыпыненае ў сувязі з «доўгатрывалай перашкодай, якая не дазваляе праводзіць падобныя працэдуры».

«Такое рашэньне прынятае Мазавецкай управай Нацыянальнай пракуратуры. Яно тычыцца разгляду справы аб дзеяньнях рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні да дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў у жніўні 2020 году», — удакладняе выданьне.

Трое грамадзян Польшчы былі затрыманыя і зьбітыя сілавікамі падчас масавых пратэстаў у Менску. Зь іх словаў, яны «былі выкрадзеныя АМАПам на адной з вуліц у цэнтры Менску».

Паводле сьведчаньняў пацярпелых, «зьбіцьцё пачалося ўжо ў фургоне, дзе ўтрымлівалі зьняволеных», і працягнулася ў пастарунку, «катаваньні адбываліся ў тры зьмены». Затрыманых вызвалілі праз 72 гадзіны, 14 жніўня 2020 году яны змаглі вярнуцца ў Польшчу.

28 жніўня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што «знаходзіцца ў кантакце зь беларускай апазыцыяй і будзе выпрацоўваць такія мэханізмы, каб кожны, каму пагражаюць рэпрэсіі ў Беларусі, у сытуацыі, калі памежныя пераходы зачыненыя, мог дабрацца да нашай краіны».

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, падчас масавых пратэстаў з пачатку перадвыбарчай кампаніі ў 2020 годзе за ўдзел у вулічных акцыях у Беларусі было затрымана больш за 35 тысяч чалавек.
  • Супрацоўнікі сілавых ведамстваў пры разгоне дэманстрацый у розных гарадах актыўна выкарыстоўвалі спэцыяльную тэхніку, у тым ліку вадамёты, сьвятлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. У дачыненьні да затрыманых ужывалі гвалт і катаваньні.
  • У 2020 годзе ў Сьледчы камітэт Беларусі паступіла каля 5 тысяч скаргаў грамадзянаў, пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў. Улады не прызналі ніводнага такога выпадку.
  • Цяпер дзейнічае Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі. Арганізацыі, якія ўваходзяць у яго, задакумэнтавалі каля 1,8 тысячы выпадкаў іх ужываньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG