Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь заўсёды выступала «за ўрэгуляваньне ўсіх спрэчных пытаньняў мірным шляхам», а вайсковую сілу лічыць «толькі крайнім сродкам адпору агрэсару».
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, пра гэта Віктар Хрэнін заявіў у часе свайго выступу на X Сяньшаньскім форуме ў Пэкіне (КНР).
«Менавіта таму нам у вышэйшай ступені імпануе кітайская ініцыятыва глябальнай бясьпекі. Мы цалкам падтрымліваем ідэю гарманічнага і раўнапраўнага суіснаваньня ўсіх краін, усіх народаў. Будзем спрабаваць данесьці да разважнай часткі ўсясьветнай супольнасьці думку аб непадзельнасьці бясьпекі, аб згубнасьці спроб гарантаваць уласную бясьпеку за кошт мілітарызацыі», — заявіў міністар абароны Беларусі.
Віктар Хрэнін лічыць неабходным правесьці перазагрузку міжнароднай прававой сыстэмы, накіраванай «на павелічэньне транспарэнтнасьці ў вайсковай сфэры і захаваньне парытэту вайсковых сіл з адначасовым раззбраеньнем да ўзроўню абароннай дастатковасьці».
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Беларусь спыніла дзеяньне пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Польшчы і Чэхіі.
У практычным пляне гэта будзе азначаць, што Беларусь больш ня будзе перадаваць Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і прымаць інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі. У дачыненьні да іншых дзяржаў Беларусь будзе выконваць свае абавязаньні, прадугледжаныя гэтым пагадненьнем.
Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля развалу СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году.