Ён заявіў, што ў 2020 годзе «войскі NATO былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць», ня даўшы ніякіх доказаў гэтаму цьверджаньню.
Паводле Лукашэнкі, ягоным апанэнтам «трэба было толькі на суткі ўзяць уладу і запрасіць сюды войскі NATO. Гэта прамое сутыкненьне з Расеяй. Гэта ядзерная вайна».
«Таму пройдзе час, вы яшчэ ацэніце тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе, — заявіў Лукашэнка. — Гэта не Ўкраіна, тут бы адразу адбылося сутыкненьне NATO і расейскіх Узброеных сіл. Нас бы перамалолі».
У лютым 2022 году расейскія войскі пачалі маштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы беларускія лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі і сам ён апраўдвалі вайну.
У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю «ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі».