Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія заявіла пратэст Расеі за абразьлівыя выказваньні ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу ў адрас Пашыньяна


Будынак Міністэрства замежных спраў Армэніі. Ілюстрацыйнае фота
Будынак Міністэрства замежных спраў Армэніі. Ілюстрацыйнае фота

У перадачы дзяржаўнага расейскага тэлебачаньня рэзка скрытыкавалі армянскае кіраўніцтва.

Міністэрства замежных спраў Армэніі выклікала расейскага амбасадара Сяргея Капыркіна для ўручэньня ноты пратэсту ў сувязі з абразьлівымі выказваньнямі ў адрас прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі Расеі.

Як паведамілі ў прэсавай службе МЗС Армэніі, у праграме на фэдэральным канале «Первый канал» агучылі «абразьлівыя і зусім не прымальныя выказваньні ў адрас высокапастаўленых афіцыйных асобаў Армэніі».

Армянская служба Радыё Свабода паведаміла, што ў рамках праекту «Куклы наследника Тутти» выйшла праграма «Никол Пашинян: предвестник беды». У амаль гадзіннай праграме расказвалі, што Расея штогод пералічвае ў Армэнію каля 30 мільярдаў расейскіх рублёў (крыху больш за 300 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС), мае на тэрыторыі Армэніі чатыры вайсковыя базы і ня менш за 4 тысячы памежнікаў.

Пасьля гэтай крытыкі Дзяржаўная Дума Расеі адклала разгляд законапраекту, які прадугледжваў прызнаньне армянскіх пасьведчаньняў на кіраваньне аўтамабілямі. Гэта зрабілі, як заявіў сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, у адказ на тое, што Армэнія дагэтуль нічога не зрабіла «для замацаваньня статусу расейскай мовы».

Праваабаронца Артур Сакунц мяркуе, што Масква пагражае Ерэвану.

«Гэта можа быць, напрыклад, спыненьне паставак газу, могуць быць іншыя санкцыі, скажам, у двухбаковых гандлёвых дачыненьнях. Мы ведаем, што даволі вялікі аб’ём тавараў імпартуецца таксама з Расеі. Гэта могуць быць спробы дэстабілізацыі, нават перавароту з боку мясцовай агентуры. Я ўжо не кажу аб інтэрвэнцыі, аб прамым умяшаньні расейскіх узброеных сіл у выглядзе расейскай вайсковай базы. Усё магчыма, таму што мы ўсе бачылі з боку Расеі за мінулыя гады, як у дачыненьні да Грузіі, так і Ўкраіны», — сказаў Свабодзе Артур Сакунц.

Што папярэднічала

Пасьля «антытэрарыстычнай апэрацыі» Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху і падпісаньня ўказу аб роспуску дзяржаўных органаў улады непрызнанай рэспублікі Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія міратворцы маглі папярэдзіць дзеяньні Баку.

Празь месяц пасьля канфлікту прэм’ер Армэніі ў часе выступу ў Эўрапарлямэнце таксама абвінаваціў расейскіх міратворцаў у бязьдзеяньні на тле масавых уцёкаў з Карабаху жыхароў армянскага паходжаньня.

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, у адказ на гэтую крытыку заяўляў, што Расея ніколі не пагодзіцца з папрокамі ў адрас сваіх міратворцаў.

На саміце АДКБ у Ерэване ў лістападзе 2022 году Нікол Пашыньян не падпісаў праектаў дэклярацыі Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ і дакумэнта аб супольных мерах у дапамозе Армэніі. Ён патлумачыў гэта адсутнасьцю ў дакумэнтах «дакладнай палітычнай ацэнкі сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы».

У студзені 2023 году Армэнія адмовілася праводзіць вучэньні АДКБ на сваёй тэрыторыі і ня ўдзельнічала ў вучэньнях гэтай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG