Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія заявіла пра гатоўнасьць падпісаць мір з Азэрбайджанам, у Баку абвінавацілі Пашыньяна ў агрэсіўнай рыторыцы


Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

Паміж краінамі вельмі доўгі канфлікт за спрэчны рэгіён Нагорны Карабах.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян гатовы падпісаць мірнае пагадненьне з Азэрбайджанам да канца году на аснове прынцыпаў, выкладзеных на сустрэчах з эўрапейскімі пасярэднікамі. Пра гэта армянскі палітык заявіў 17 кастрычніка.

Пашыньян заявіў у Эўрапарлямэнце ў францускім Страсбургу, што Армэнія гатовая падпісаць пагадненьне аб узаемным прызнаньні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці і адкрыцьці рэгіянальных транспартных зносін на аснове сувэрэнітэту тэрыторый, празь якія яны праходзяць.

У прыватнасьці, ён заявіў, што Ерэван гатовы адкрыць Мегрынскую чыгунку, вядомую як Зангезурскі калідор у Азэрбайджане, пад юрысдыкцыяй Армэніі.

Калі гэтыя прынцыпы будуць пацьверджаны, «стане вельмі рэальным падпісаньне пагадненьня аб міры і адносінах паміж Армэніяй і Азэрбайджанам да канца году», — сказаў Пашыньян у сваім выступе.

Прэм’ер-міністар Армэніі ў сваім выступе выказаў занепакоенасьць тым, што прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў можа выкарыстаць пытаньне «калідору» як падставу для новага нападу і акупацыі Армэніі. У сваёй прамове Пашыньян папрасіў эўрапейскіх дэпутатаў аб падтрымцы ва ўсталяваньні міру ў рэгіёне.

Ён ахарактарызаваў ваенную апэрацыю Азэрбайджану ў Карабаху 19-20 верасьня і яе вынік як «этнічную чыстку». Ён адзначыў, што ў цяперашні час 1016 грамадзян Армэніі лічацца зьніклымі бязь вестак. Нагорны Карабах пакінулі звыш 100 тысяч чалавек, што складала больш за 90% насельніцтва рэгіёну. Яны перасяліліся ў Армэнію.

Пашыньян адзначыў, што расейскія міратворцы бязьдзейнічалі, а міжнародная супольнасьць і цяпер часта робіць выгляд, што не разумее, чаму дзясяткі тысяч армянаў з Карабаху пакінулі свае дамы.

Рэакцыя Баку на словы армянскага прэм’ера зьявілася неўзабаве. МЗС Азэрбайджану, адрэагаваўшы на выступ, абвінаваціў Пашыньяна ў выкарыстаньні «агрэсіўнай рыторыкі», якая шкодзіць пэрспэктывам міру ў той час, калі ёсьць «гістарычныя магчымасьці» для рэгіёну Паўднёвага Каўказу стаць месцам міру і супрацоўніцтва.

«...у адрозьненьне ад Армэніі, Азэрбайджан ніколі не прэтэндаваў на тэрыторыі іншых краін», — заявілі ў Баку.

Кіраўніцтва непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах 28 верасьня заявіла пра самароспуск. Улады Азэрбайджану арыштавалі некалькіх яе дзеячоў і выставілі ім падазрэньні ў арганізацыі і ўдзеле ў забойствах азэрбайджанцаў у 90-я.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG