Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава спрашчае сабе жыцьцё». У Беларусі хочуць зьмяніць правілы прызыву: большыя штрафы, позвы праз СМС


Прызыўнікі ў адным зь менскіх ваенкаматаў. Архіўнае фота
Прызыўнікі ў адным зь менскіх ваенкаматаў. Архіўнае фота

Штрафы за няяўку — больш за 1110 рублёў, позву змогуць уручаць дзе заўгодна, хоць на вуліцы. Разьбіраемся зь юрыстамі, што хочуць зьмяніць у правілах прызыву і навошта.

Законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі» апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён прадугледжвае папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Глядзім, што за новаўвядзеньні прыдумалі беларускія ўлады.

Позва праз СМС

Калі новаўвядзеньні прымуць, то выклікаць у ваенкамат будуць праз СМС на тэлефон. І нават адключаны тэлефон не ўратуе. У законапраекце прапісана, што калі СМС адпраўленая, значыць, прызыўніка выклікалі.

Апэратары электрасувязі будуць абавязаны праводзіць СМС-рассылкі па сьпісах ад ваенкаматаў і КДБ. Таксама на запыт ваенкаматаў або КДБ у тыднёвы тэрмін яны будуць прадстаўляць зьвесткі аб нумарах грамадзян, якія стаяць на вайсковым уліку ці абавязаныя на ім быць.

Грамадзяне паводле закону павінны будуць паведамляць у ваенкамат пра зьмену асабістага нумару тэлефона.

Позва дзе заўгодна

Калі раней позву ў ваенкамат маглі ўручыць толькі дома і толькі пад расьпіску, то калі законапраект прымуць, рабіць гэта змогуць у любым месцы. Хоць на працы, хоць у кавярні ці на вуліцы.

У законапраекце прапісаны тэрмін «па месцы знаходжаньня», то бок дзе заўгодна.

Павялічаныя штрафы

Таксама ў законапраекце прапісанае істотнае павелічэньне штрафаў за няяўку ў ваенкамат — у некалькі разоў. Калі цяпер штраф за няяўку ў ваенкамат — 5 базавых, або 180 рублёў, то ў законапраекце прадугледжана павелічэньне да 10–30 базавых. То бок да 1110 рублёў.

Таксама прадугледжана павелічэньне штрафаў для «службовых асобаў», якія не паведамілі грамадзянам пра выклік у ваенкамат. Цяпер гэта 3 базавыя, або 111 рублёў. Калі законапраект ухваляць, будзе 20 базавых, або 740 рублёў.

Таксама пасьля прыняцьця закону вырастуць штрафы за «парушэньне абавязкаў па воінскім уліку», гэта калі не паведаміў ваенкамату пра пераезд ці яшчэ нейкія зьвесткі. Цяпер гэта 5 базавых, або 185 рублёў. Хочуць зрабіць да 30 базавых, або 1110 рублёў.

Пакуль у раскладзе Палаты прадстаўнікоў няма на разглядзе гэтага законапраекту, таму калі яго будуць разглядаць, не зразумела.

Таксама павялічваецца і крымінальная адказнасьць, калі чалавек не зьявіўся на прызыў: было да двух гадоў пазбаўленьня волі, стала да трох.

Ня толькі войска

Пазьбегнуць позвы ці іншага афіцыйнага паведамленьня ад уладаў таксама можа стаць цяжка.

Гэта прадугледжана законапраектам «Аб зьмене кодэксаў» — яго Палата прадстаўнікоў ужо ўхваліла ў двух чытаньнях. Дакумэнт уводзіць паняцьце «юрыдычна значнае паведамленьне». Гэта любыя заявы, апавяшчэньні, уведамленьні, патрабаваньні і іншыя паведамленьні, якія цягнуць за сабой узьнікненьне, зьмяненьне або спыненьне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. То бок выклікаць вас дзяржаўныя органы пасьля прыняцьця закону могуць ня толькі лістом ці позвай.

«Парушае законы чалавечай лёгікі»

На думку былога юрыста Адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер прадстаўніка «НАУ» («Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне») Арцёма Праскаловіча, такім чынам дзяржава спрашчае сабе жыцьцё, але лёгікі ў гэтым няма.

«У любога нармальнага закону заўсёды ёсьць абгрунтаваньне, і яно палягае на тым, каб вырашыць сапраўдныя праблемы, якія існуюць у людзей, у першую чаргу. У дадзеным выпадку мы можам зрабіць выснову, што праблемы хутчэй у дзяржавы. У прыватнасьці, з тым, што ніхто не гарыць жаданьнем ісьці ў лукашэнкаўскае войска ці на пуцінскую вайну (калі што раптам).

Бо праблема „ўхіленьня ад атрыманьня“ позваў і іншых дакумэнтаў існуе ўжо вельмі даўно. І якраз грамадзяне цярпелі ад гэтага (напрыклад, адзінокія маці па справах аб алімэнтах, калі былы муж усяляк ухіляўся ад атрыманьня папер). А вось дзяржава неяк давала сабе рады. Відаць, перастала. Таму хоча спрасьціць сабе жыцьцё», — кажа юрыст.

Таксама юрыст кажа, што ўхіліцца ад такіх захадаў, калі законапраект прымуць, будзе вельмі цяжка.

«Можна спрабаваць ня мець нумару мабільнага тэлефона на вашае імя. Але збольшага, на жаль, ніяк. Як і ад усяго іншага самавольства з боку рэжыму Лукашэнкі. Адзіны варыянт — дамагацца зьмены гэтага рэжыму», — кажа Арцём Праскаловіч.

Паводле юрыста Міхаіла Кірылюка, цяпер для Беларусі нават ня важна, што «напісана ў законе», бо ў краіне «прававы дэфолт».

«Калі каго захочуць знайсьці, адсочаць па нумары тэлефона, нават калі гэты тэлефон зарэгістраваны не на яго. Такія прыклады ўжо былі раней па эканамічных справах. Улада паводзіць сябе як акупацыйная, тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца як пляцдарм нападу на Ўкраіну. Паколькі дэ факта ў краіне – неабвешчаны ваенны стан, які выклікалі прайграныя выбары і саўдзел у расейскім нападзе на Ўкраіну, то спробы абхітрыць улады як раней – ужо мала шанцаў, што падзейнічаюць. Калі чалавек не выклікае інтарэсу – то так, якісьці час, можна пасьпяхова хавацца на тэрыторыі Беларусі, без тэлефона і жыць у кансьпірацыі. Але калі нейкая асоба сапраўды зацікавіць уладу – Беларусь не Расія і няма прыкладаў, каб грамадзянін у сучаснасьці хаваўся ад дзяржавы на тэрыторыі доўгі час.

Таму тут рэкамэндацыя можа быць для тых хто не хоча быць у беларускім войску з рызыкай быць выкарыстаным для нападу на Украіну – ці ўхіляцца ад атрыманьня павесткі з гатоўнасьцю сесьці ў турму за свае перакананьні, ці з'яжджаць з краіны. Увогуле трэба зразумець, што гэтая праблема не часовая і не зьнікне сама па сабе, а толькі са зьменай улады для чаго і варта рабіць намаганьні", — мяркуе юрыст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG