Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастар ліквідаванай уладамі царквы «Новае жыцьцё» заклікаў сваіх вернікаў працягваць зьбірацца на малітвы


Пастар Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота

Пастар менскай пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка ў відэазвароце ад 17 кастрычніка з нагоды рашэньня суду аб ліквідацыі гэтай рэлігійнай арганізацыі заклікаў сваіх вернікаў працягваць зьбірацца на малітвы.

У звароце, які распаўсюдзіла ініцыятыва «Хрысьціянская візія», Ганчарэнка паведаміў, што рашэньне Менскага гарадзкога суду плянуюць абскарджваць ва ўсіх вышэйстаячых судовых інстанцыях. На ягоную думку, гэта можа зацягнуць працэс ліквідацыі царквы на некалькі месяцаў, на працягу якіх грамада зможа законна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць.

17 кастрычніка Менскі гарадзкі суд ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё». Рашэньне па пазове, які 15 верасьня падаў Менгарвыканкам, прыняла судзьдзя Тацяна Дарашчонак.

У пазове сьцьвярджалася, што царква яшчэ ў 2004 годзе не прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ад 2002 году, а таксама ажыцьцяўляла дзейнасьць, якая выходзіць за рамкі яе статута. Неабходнасьць ліквідаваць царкву таксама аргумэнтавалася тым, што асобныя інфармацыйныя рэсурсы «Новага жыцьця» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка настойвае, што названыя прычыны недастаткова важкія для ліквідацыі грамады. Па ягоных словах, калі ў 2004 годзе царква падала заяўку на перарэгістрацыю, улады яе адхілілі.

Дзейнасьць незарэгістраваных або ліквідаваных рэлігійных грамадаў можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу і пакараньне ў выглядзе штрафу або пазбаўленьня волі на тэрмін да двух гадоў.

Гісторыя царквы «Новае жыцьцё»

  • Царква «Новае жыцьцё» была заснаваная ў 1992 годзе. Улады перасьледавалі яе з пачатку 2000-х.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў. У лютым 2021-га царкву прымусова выселілі з культавага будынку, у які вернікі пераабсталявалі былы кароўнік. Людзі маліліся на вуліцы і ў онлайн-фармаце.
  • У верасьні 2022 году пастара затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тыс. рублёў).
  • 20 чэрвеня 2023-га стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Пасьля здарэньня Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».
  • 14 жніўня Ганчарэнку і яго зяця Ільлю Будая затрымалі і арыштавалі паводле адміністрацыйных абвінавачаньняў адпаведна на 10 і 5 сутак. Паведамлялася, што ў дом пастара «ўварваліся 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС. Быў праведзены ператрус.
  • 23 жніўня гэтага году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў кантэнт мэдыярэсурсаў царквы «Новае Жыцьцё» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 31 жніўня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» зьнятае ў 2020 годзе відэа «Пастар Вячаслаў Ганчарэнка асуджае гвалт і заклікае ўладу пакаяцца!». У сьпіс таксама ўключана група «ЎКантакце» «Церковь „Новая Жизнь“. Минск».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG