Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская атрымала ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO. ФОТА


Ціханоўская атрымала ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO «Жанчыны за мір і бясьпеку».
Ціханоўская атрымала ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO «Жанчыны за мір і бясьпеку».

9 кастрычніка Сьвятлане Ціханоўскай уручылі ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO «Жанчыны за мір і бясьпеку». З гэтай нагоды яна выступіла з прамовай на сэсіі асамблеі.

Адборачны камітэт Парлямэнцкай асамблеі НАТО раней прагаласаваў за прысуджэньне прэміі «Жанчыны за мір і бясьпеку» 2023 году лідэру беларускіх дэмакратычных сілаў і кіраўніку Аб’яднанага пераходнага кабінэту міністраў краіны Сьвятлане Ціханоўскай.

«Асабістая гісторыя спадарыні Ціханоўскай служыць сьведчаньнем трансфармацыйнай сілы жаночага лідэрства ў прасоўваньні міру і бясьпекі», — заявіла прэзыдэнтка Асамблеі Жаэль Гар'ё-Мэйлам.

«Насуперак велізарным цяжкасьцям яна самаахвярна і адважна ўзначаліла апазыцыю супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Яе мужнасьць зьяўляецца крыніцай натхненьня для жанчын і мужчын у Беларусі і за яе межамі, якія імкнуцца кінуць выклік рэпрэсіўным рэжымам і выступаць за дэмакратыю».

«Праз гэтую ўзнагароду Асамблея выказвае сваё глыбокае захапленьне і павагу намаганьням і ахвярам, якія спадарыня Ціханоўская робіць кожны дзень, каб весьці Беларусь і яе народ у іх мірнай барацьбе з тыраніяй. Яе барацьба нагадвае нам, што дэмакратыя ніколі не павінна ўспрымацца як дадзенасьць і што ўсе нашы краіны нясуць адказнасьць за абарону дэмакратыі і супрацьдзеяньне росту аўтарытарызму».

Ціханоўская ў ПА NATO
Ціханоўская ў ПА NATO

Сьвятлана Ціханоўская 9 кастрычніка на сэсіі ПА NATO ў Капэнгагене адзначыла, што стала другой ляўрэаткай гэтай прэміі з краіны, якая не ўваходзіць у NATO:

«Я расцэньваю ваша рашэньне як знак асаблівай увагі, якую Парлямэнцкая асамблея аддала Беларусі», — заявіла Ціханоўская.

Яна зазначыла, што праз тры гады з пачатку беларускай мірнай рэвалюцыі ўтрымліваць Беларусь на парадку дня становіцца ўсё цяжэй.

«Насуперак назьве і ідэі гэтай прэміі мы жывём у сьвеце, поўным войнаў і нестабільнасьці», — сказала палітык.

Яна заявіла, што прымаючы сёньня гэтую ўзнагароду, ня можа ня думаць пра ізраільскіх мужчын і жанчын, узятых сёньня ў закладнікі тэрарыстамі.

«Адна зь іх — зьняволеная — 22-гадовая беларуска Лізавета Пруднікава нарадзілася ў маім родным горадзе Мікашэвічы. Я шчыра спадзяюся, што яна і ўсе зьняволеныя, як цывільныя, так і вайскоўцы, змогуць шчасна вярнуцца дадому».

Ціханоўская заявіла, што беларусы цяпер моляцца за мір у Ізраілі. Апрача таго, яна ўзгадала беларускіх палітвязьняў, асаблівую ўвагу ў сваім звароце аддаўшы палітзьняволеным жанчынам.

«Беларускія палітзьняволеныя жанчыны маглі б далей уносіць свой уклад у наша беларускае грамадзтва сваімі талентамі і інтэлектам. Замест гэтага іх забралі ад каханых і пакаралі вялікімі тэрмінамі пазбаўленьня волі, да 20 гадоў, на падставе сфабрыкаваных абвінавачаньняў. Не выпадкова Нобэлеўская прэмія міру сёлета была ўручана іншай адважнай жанчыне, якую пасадзіла ў турму дыктатура — Наргес Махамадзі з Ірану. Апроч іншага, Наргес змагаецца супраць выкарыстаньня адзіночнага зьняволеньня як „жорсткага і бесчалавечнага пакараньня“ ў іранскіх турмах».

Ціханоўская на сэсіі ПА NATO
Ціханоўская на сэсіі ПА NATO

Ціханоўская таксама ўзгадала жорсткія ўмовы ўтрыманьня палітзьняволеных жанчын у Беларусі і прысьвяціла сваю ўзнагароду палітзьняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк і многім іншым жанчынам, такім як яна.

Ціханоўская падкрэсьліла, сярод іншага, што і беларусы маюць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, які цяпер таксама ў турме.

«Я кажу пра Алеся Бяляцкага, двойчы палітычнага вязьня рэжыму. Яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за праваабарончую дзейнасьць. Сёньня я хацела б павітаць ягоную жонку і маю сяброўку Натальлю Пінчук: „Натальля, гэта і ваша ўзнагарода“», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG