У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская перад дыпляматамі гаварыла пра неабходнасьць дапамагчы беларусам абараніць сваю краіну ва ўмовах сталага наступу на яе сувэрэнітэт з боку пуцінскага рэжыму пры папушчальніцтве і з дапамогай Лукашэнкі.
Ціханоўская на брыфінгу для паслоў краін ЭЗ у Лёндане 16 кастрычніка заявіла сярод іншага аб неабходнасьці сумесных дзеяньняў для вызваленьня палітвязьняў, аб прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць беларускага народу.
Яна тлумачыла, што дэмакратычная Беларусь стане часткай вырашэньня праблемы — таму ўсяму сьвету мае сэнс дапамагчы дэмакратычнай супольнасьці ў яе барацьбе супраць саюзу двух дыктатараў.
«Мы бачым, што Расея выкарыстоўвае сытуацыю на Блізкім Усходзе для эскаляцыі нападаў на Ўкраіну. Гэтую ж сытуацыю Лукашэнка выкарыстоўвае для ўзмацненьня рэпрэсій супраць беларусаў, — заявіла Ціханоўская, — Калі мы хочам перамагчы тыранію, а менавіта Расею, нам варта пачаць з закрыцьця шчылін у санкцыях, папярэдзіўшы трэція краіны — Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу, што яны сутыкнуцца з наступствамі за дапамогу тыранам у абыходзе санкцый. Мы таксама просім сынхранізаваць санкцыі паміж краінамі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніяй і інш. Увесьці індывідуальныя санкцыі супраць паслугачоў рэжыму. Судзьдзі, прапагандысты, начальнікі турмаў, супрацоўнікі КДБ — усе яны павінны быць у санкцыйным сьпісе».
Калі ўводзяцца санкцыі супраць Расеі, аргумэнтацыя павінна ўключаць падрыў беларускага сувэрэнітэту, адзначыла Ціханоўская.
«Расея дэ-факта акупуе і калянізуе Беларусь. Эканамічнымі, інфармацыйнымі і ваеннымі сродкамі. На маіх сустрэчах тут, у Вялікай Брытаніі, я буду прапаноўваць Вялікай Брытаніі ініцыяваць слуханьні паводле формулы Арыі па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН разам з Альбаніяй, Бразыліяй і ЗША. Я ня веру, што беларускае войска ўступіць у вайну. І гэта не заслуга Лукашэнкі. Супраціў сышоў у падпольле, але ён працягваецца», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Яна заклікала паслоў краін ЭЗ зьвярнуцца да сваіх урадаў з просьбай аказаць дапамогу беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасьці.
«Цяпер у нас дастаткова рэсурсаў, каб выжыць, але не перамагчы. Ключавое значэньне маюць падтрымка рэпрэсаваных і палітвязьняў, умацаваньне патэнцыялу дэмакратычных інстытутаў і супрацьдзеяньне прапагандзе. Прашу вас падтрымаць наш праект новага беларускага пашпарта. А таксама я прашу вас далучыцца да Дня салідарнасьці зь Беларусьсю 12 лістапада», — заявіла Ціханоўская.
17 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выступіць з «Вэстмінстэрскай лекцыяй» у Брытанскім парлямэнце. Слухачамі будуць чальцы парлямэнту, дыпляматычная супольнасць. Прэсавая служба Ціханоўская паведаміла, што гэта будзе праграмны зварот аб сытуацыі ў Беларусі і стратэгічных прыярытэтах для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.
У плянах Ціханоўскай таксама перамовы зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймсам Клевэрлі аб сытуацыі ў Беларусі і сумесных дзеяньнях.
Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у Беларуска-Брытанскім форуме, які пройдзе ў South Bank University.
Сустрэча з дыяспарай пройдзе ў аўторак, 17 кастрычніка, з 18:20 да 19:10 у South Bank University.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам