Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія абароны Ізраіля заявіла пра гатоўнасьць пачаць наземную апэрацыю ў сэктары Газы


Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявіла, што гатовая пашырыць ваенныя дзеяньні ў сэктары Газы і ўключыць у іх наземную апэрацыю.

У паведамленьні ЦАХАЛ у тэлеграме гаворыцца, што вайскоўцы рыхтуюцца рэалізаваць наступальныя апэратыўныя пляны, якія ўключаюць для сябе напад з паветра, мора і зямлі.

«Батальёны і салдаты ЦАХАЛ разгорнутыя па ўсёй краіне і гатовыя павысіць гатоўнасьць да наступных этапаў вайны — з упорам на значную наземную апэрацыю», — зазначаецца ў заяве.

Раней сёньня прэсавая служба ізраільскага войска паведаміла аб нанясеньні ўдараў у адказ на атаку з боку Лібана.

Сёньня ж кіраўнік іранскага МЗС Гасэйн Абдалахіян правёў перамовы зь лідэрам лібанскай радыкальнай групоўкі «Хэзбалах» Гасанам Насралам. Пасьля перамоваў лідэр «Хэзбалы» заявіў, што групоўка гатовая ўстаць на бок ХАМАС у вайне з Ізраілем.

Групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай многімі краінамі сьвету, напала з боку сэктару Газы на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка. У адказ Ізраіль пачаў апэрацыю «Жалезныя мячы» і пачаў атакаваць Газу.

У Ізраілі дзейнічае надзвычайны ўрад. У яго ўвайшлі прэм’ер-міністар Біньямін Нетаньягу, кіраўнік апазыцыйнай партыі «Нацыянальнае адзінства» Бэні Ганц і міністар абароны Ёаў Галант.

У суботу, 14 кастрычніка, ізраільскія СМІ паведамілі, што да вайсковага кабінэта далучаецца экс-міністар абароны і былы кіраўнік МЗС Ізраіля Авігдор Лібэрман. Па дадзеных тэлеграм-канала AZfront, з прапановай да Лібэрмана ўвайсьці ў склад надзвычайнага ўраду зьвярнуўся Біньямін Нетаньягу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG