Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія ўводзіць абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы ля мяжы зь Беларусьсю


Belarus
Belarus

Латвія ўводзіць абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы паблізу мяжы паміж Латвіяй і Беларусьсю, паведаміла Агенцтва грамадзянскай авіяцыі Латвіі.

Абмежаваньні набываюць сілу апоўначы 16 кастрычніка і будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2023 году.

«Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы ўстанаўліваюцца ад Лаўдэры паблізу расейскай памежнай зоны да Медумі паблізу літоўскай памежнай зоны, уключаючы такія гарады, як Дагда, Краслава і частка Даўгаўпілсу. Абмежаваньні ўстанаўліваюцца ад зямлі да вышыні 2895 мэтраў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Абмежаваньні неабходны, каб гарантаваць «бесьперашкоднае выкананьне задач Нацыянальных узброеных сіл Латвіі, зьвязаных з выкарыстаньнем пілятаванай авіяцыі і бесьпілётнай авіяцыі на мяжы Латвіі і Беларусі», адзначае Агенцтва грамадзянскай авіяцыі.

Бесьпілётным лятальным апаратам, не зьвязаным з Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Латвіі, забаронена выкарыстоўваць паветраную прастору, калі яны не атрымалі адпаведны дазвол на палёт. За парушэньне забароны прадугледжаныя штрафы для фізычных асобаў ад 150 да 1000 эўра, для юрыдычных асобаў ад 500 да 2500 эўра.

  • У Латвіі апошнім часам рэгіструюць значнае павелічэньне колькасьці спробаў несанкцыянаванага перасячэньня мяжы з боку Беларусі. Латвійскія памежнікі заводзяць у сярэднім ад 8 да 10 крымінальных спраў на тыдзень за арганізацыю нерэгулярнай міграцыі.
  • У сярэдзіне жніўня Дзяржаўная памежная служба Латвіі адклікала сваіх супрацоўнікаў з адпачынкаў для ўзмацненьня мяжы зь Беларусьсю.
  • У верасьні Латвія закрыла адзін з двух аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю пасьля ўсплёску спробаў нелегальных мігрантаў уехаць у краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG