Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Латвіяй знайшлі нябожчыка, паведаміў Памежны камітэт


Знак на мяжы Латвіі і Беларусі
Знак на мяжы Латвіі і Беларусі

Увечары 9 кастрычніка на мяжы з Латвіяй у Верхнядзьвінскім раёне полацкія памежнікі знайшлі труп мужчыны «азіяцкай зьнешнасьці», паведамляе Памежны камітэт.

У паведамленьні гаворыцца, што цела без прыкмет жыцьця знаходзілася паблізу брамкі ў агароджы, устаноўленай на латвійскай тэрыторыі. У мёртвага — меркавана, грамадзяніна Шры-Лянкі — знайшлі грошы і пасьведчаньне кіроўцы.

Адзначаецца, што з пачатку году гэта ўжо сёмая сьмерць уцекача на мяжы з Латвіяй, зафіксаваная беларускімі памежнікамі.

Латвія, як Польшча і Літва, абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў наўмысным і сыстэматычным падвозе мігрантаў да зьнешняй мяжы ЭЗ для стварэньня палітычнай напружанасьці. Гэтыя краіны ў адказ умацавалі межы зь Беларусьсю, пабудавалі высокі плот.

На пачатку кастрычніка начальнік памежнай службы Латвіі Гунтыс Пуятс паведаміў Латвійскаму тэлебачаньню, што латвійскія памежнікі заводзяць у сярэднім ад васьмі да дзесяці крымінальных спраў на тыдзень за арганізацыю нерэгулярнай міграцыі — як за перавод людзей празь мяжу, так і за далейшы перавоз у іншыя эўрапейскія краіны.

Акрамя таго, зь лета тыя, хто спрабуе перасекчы мяжу, сталі больш агрэсіўнымі, сказаў Пуятс. Аднаго разу быў напад на памежніка, а ў чатырох выпадках афіцэрам прыйшлося выкарыстоўваць агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабілі. Да таго ж, паводле Пуятса, зь беларускага боку ў латвійскіх памежнікаў неаднаразова кідаліся камянямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG