Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі новае абмежаваньне на паслугі мабільных апэратараў: яно закране тых, хто зьехаў за мяжу


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларускія чыноўнікі прыдумалі новае абмежаваньне для тых, хто зьехаў за мяжу: гэтым разам яно тычыцца паслуг мабільных апэратараў, заўважыла «Зеркало».

З 6 кастрычніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі ўвяло абмежаваньне, якое тычыцца дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і актывацыі паслуг электрасувязі: цяпер апэратары мабільнай сувязі могуць актываваць паслугі міжнароднага роўмінгу толькі пры асабістай прысутнасьці абанэнта. Дыстанцыйны спосаб ідэнтыфікацыі кліентаў, якія хочуць скарыстацца роўмінгам — праз фота ці відэа — забаронены.

Кампанія life:) ужо абвясьціла, што для падключэньня паслугі роўмінгу трэба прыйсьці ў салён і прадʼявіць пашпарт.

«Па змаўчаньні роўмінг недаступны для SIM/eSIM, якія былі падлучаныя з дапамогай мабільнай праграмы „life:) Рэгістрацыя“ (гаворка пра магчымасьць дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі. — Рэд.)», — паведаміў мабільны апэратар. Гэта значыць, гаворка як пра новых кліентаў, так і тых, хто ідэнтыфікацыю для карыстаньня паслугамі ў роўмінгу прайшоў раней дыстанцыйна.

  • Раней мабільныя апэратары life:) і А1 маглі падключаць паслугу без асабістай прысутнасьці абанэнта, а тэлефанаваць з роўмінгу ў Беларусь на мабільныя ці стацыянарныя тэлефоны (напрыклад, пажылым людзям, якія ня ўмеюць карыстацца інтэрнэтам і мэсэнджарамі) было выгадна.
  • У life:) раней была паслуга дыстанцыйнага пацьверджаньня асобы (падаць пашпарт і зрабіць сэлфі). Такі варыянт быў даступны, сярод іншага, тым, хто выехаў за мяжу: можна было папрасіць знаёмых купіць SIM-карту і перадаць у іншую краіну ды карыстацца паслугамі, у тым ліку ў роўмінгу.
  • У А1 раней была прапанова «SIM-to-go», яна дазваляла падключыцца або перанесьці нумар у сетку А1 без паходу ў салёны або крамы апэратара. Кліент мог дыстанцыйна самастойна прайсьці ідэнтыфікацыю з дапамогай пашпарта ці ID-карты.
  • У мабільнага апэратара МТС дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі для роўмінг-паслуг не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG