Прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык узяла ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Адкрываючы праўду» ў Батумі, на якой выступіла з дакладам пра распрацаваную прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэньні «палітыку 4 Д» для Беларусі: дэкамунізацыя, дэімпэрыялізацыя, дэкалянізацыя і дэідэалягізацыя.
Гэта першы візыт у Грузію прадстаўніка АПК, нагадвае прэс-служба кабінэту.
Таксама Коўшык правяла сустрэчу з кіраўніцай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Хаціяй Дэканаідзэ, зь якой абмеркавала палітычную сытуацыю ў Беларусі і шляхі далейшага супрацоўніцтва парлямэнцкай групы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
«Я выказала нашым грузінскім партнэрам падтрымку ў іх эўрапейскіх памкненьнях. Лічу, што Грузія і Беларусь могуць стаць часткай новай архітэктуры рэгіянальнай бясьпекі — асабліва нам важна наладжваць супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі інфармацыйнай», — цытуе словы Аліны Коўшык тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.
Аліна Коўшык наведала таксама памяшканьне, у якім адкрыецца першая беларуская школка ў Батумі. Як расказала палітык, ёсьць ідэя запусьціць дадатковую адукацыйную беларускую праграму ў грузінскай школе.
Прадстаўніца АПК правяла сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Тбілісі і Батумі, падчас якіх абмяркоўваліся праблемы беларусаў зь легалізацыяй у гэтай краіне, супрацоўніцтва паміж беларусамі Грузіі і Аб’яднаным пераходным кабінэтам, палітычная сытуацыя ў Грузіі і Беларусі і інш.