Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Спадзяюся, што сьцяна, якую будуюць на мяжы зь Беларусьсю, некалі ўпадзе, як Бэрлінскі мур


Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Літва — адна з краін, дзе пасьля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі і вайны ва Ўкраіне знайшлі прытулак прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці і бізнэсу. Тут маюць магчымасьць працаваць і зарабляць, каб утрымліваць свае сем’і, дзясяткі тысяч беларусаў.

Літва рэагуе на правакацыі на мяжы зь Беларусьсю, разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, пагрозы так званаму Сувальскаму калідору, у якім стратэгічна зацікаўленая Расея. Усё гэта робіць Літву чульлівай да агрэсіўнай палітыкі Расіі і яе сатэліта — беларускіх уладаў. Гэтаму, а таксама легальным праблемам беларускіх грамадзян у Літве, была прысьвечаная гутарка з Габрыелюсам Ландсбергісам.

Пра ядзерную зброю на беларускай зямлі

— Першае пытаньне да вас наступнае: ці бачыце вы пагрозу ад тактычнай ядзернай зброі, якую, паводле слоў Пуціна і Лукашэнкі, нібыта ўжо завезьлі ў Беларусь? Гэта рэальная зброя ці частка інфармацыйнай вайны Пуціна супраць Захаду, Літвы, Польшчы?

— Ну, па-першае, вялікі дзякуй за тое, што вы мяне запрасілі... Нельга скідаць з рахункаў праблемы або патэнцыйную небясьпеку, якую нясе ядзерная зброя, але я б сказаў, што больш небясьпечны, чым сама зброя, ужо толькі намер прывезьці яе ў Беларусь. У нас была ядзерная зброя паблізу Літвы, зьявіліся паведамленьні, што, магчыма, ядзерную зброю завезьлі ў Калінінград, і цяпер, магчыма, мы ня можам яе адсачыць. Але ўся інфармацыйная кампанія паказвае перадусім ігнараваньне Пуціным таго, што засталося ад сувэрэнітэту Беларусі, грэбаваньне канстытуцыйнымі нормамі, усім, што ад іх засталося, каб увозіць зброю, якая яму патрэбная, каб пагражаць заходнім суседзям Беларусі.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

А па-другое, гэта бразганьне зброяй, гэта магчымасьць паспрабаваць прымусіць невялікія краіны, такія як Літва, іншыя краіны Балтыі, каб яны зьмянілі сваю пазыцыю. Такім чынам, гэта нагода для пільнасьці, таму што гэта можа даць нам уяўленьне аб тым, чаго мы можам чакаць у будучыні.

Пра стаўленьне Літвы да санкцыяў супраць беларускіх уладаў

— Другое пытаньне — пра санкцыі. Пазыцыя Літвы важная ў справе санкцыяў супраць уладаў Лукашэнкі, у тым ліку наконт транзыту беларускага калію. Ці маеце вы тут поўнае разуменьне з боку іншых краін Эўразьвязу?

— Не заўсёды. Дэбаты ўсё яшчэ працягваюцца, і я лічу, што голас Літвы несумненна вельмі важны. Таму што няма разуменьня таго, наколькі Літва і Беларусь блізкія ня толькі палітычна, але і эканамічна. Калі б пэўныя санкцыі былі зьнятыя са згоды ўсяго Эўрапейскага Зьвязу — дык ня будзе ж такога, што тавары, выведзеныя з-пад санкцыяў, магічным чынам зьявяцца ў Афрыцы ці ў нейкай іншай краіне нашых глябальных партнэраў: у большасьці выпадкаў іх трэба будзе везьці празь Літву. Такім чынам, літоўская інфраструктура будзе служыць інтарэсам Лукашэнкі і ягонага рэжыму, будзь гэта чыгунка, ці порт, ці людзі, якія будуць абслугоўваць цягнікі ці яшчэ нешта, і гэта вельмі нас чапляе. Калі б прадукцыю зь беларускага заводу можна было некуды тэлепартаваць, то, можа, мы ня мелі б гэтулькі рашучасьці. А цяпер гэта вельмі датклівае пытаньне ў палітычным сэнсе.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Мы ня хочам спрыяць беларускаму рэжыму ў ягоных рэпрэсіўных спосабах кіраваць краінай. І таму мы павінны пастаянна нагадваць ім пра рэпрэсіі ў Беларусі, пра намеры рэжыму. Але і пра геаграфію, каб яны ведалі, што Літва ня хоча дапамагаць Лукашэнку і што няма іншага спосабу зьняць нейкія санкцыі. І таму Літва была супраць транзыту празь Літву ў іншыя краіны.

Цяпер, на нашу думку, калію на сусьветных рынках дастаткова, каб цэны стабілізаваліся. Рынак стабільны, і краіны, якім патрэбны калій, могуць набываць яго ў іншых месцах.

Наколькі эфэктыўная барацьба Літвы зь мігранцкім крызісам

— Яшчэ адзін важны момант для Літвы палягае ў тым, што працягваецца мігранцкі крызіс на мяжы Літвы зь Беларусьсю. У сувязі з гэтым Літва закрыла адзін з памежных пераходаў, будуе плот на мяжы. Ці можна сказаць, што дзеяньні Літвы тут былі эфэктыўнымі?

— Я б сказаў, што так. Я думаю, што найбольш эфэктыўным было пабудаваць загароду. Здавалася б, у XXI стагодзьдзі, калі мы так шмат гаворым, што трэба будаваць масты, а не муры, дык трэба так і рабіць. А мы вырашылі пабудаваць сьцяну, мы вырашылі пабудаваць загароду, амаль на 700 кілямэтраў. І гэта праект цяжкі і вялікі ня толькі ў лягістычным і адміністрацыйным сэнсе, але і ў палітычным — бо гэта ж краіна, зь якой мы так шмат гадоў адчувалі сябе такімі блізкімі. І людзі адтуль усё яшчэ хочуць прыяжджаць у Літву. Або літоўцы зь невялікіх вёсак, у якіх бліжэйшая крама з прадуктамі на тым баку мяжы, і ім трэба перасякаць мяжу, каб нешта сабе купіць. Малако ці нешта яшчэ на абыходак па той бок мяжы. Цяпер яны так рабіць ня могуць.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Гэта ўсё так, але мы гэта зрабілі. І я думаю, што гэтым мы аслабілі ціск на мяжу з боку нелегальнай міграцыі, якую арганізуе рэжым. Я спадзяюся, што прыйдзе дзень, калі — як Бэрлінскай сьцяне было наканавана ўпасьці, так і гэтая сьцяна таксама не спатрэбіцца ў будучыні. Калі Беларусь будзе вольнай краінай.

— Літва вырашыла накіраваць на дапамогу Латвіі сваіх памежнікаў. Чаму?

— Я магу сказаць, што на пачатку крызісу Літва была той краінай, якая сутыкнулася з найбольшым ціскам з боку мігрантаў зь Беларусі. Зь цягам часу ціск на літоўскай мяжы зьнізіўся. Цяпер ён самы вялікі на мяжы Беларусі з Латвіяй. Але калі на нас ціснулі, то мы атрымалі дапамогу, іншыя краіны прыслалі сваіх памежнікаў. Мы атрымалі матэрыялы будаваць загароду, атрымалі фінансавую дапамогу. Ведаеце, салідарнасьць у крызісны час надзвычай важная. І ўрад Латвіі робіць усё магчымае, каб даць рады крызісу. Але ёсьць рэчы, якія мы, на наш погляд, можам зрабіць разам, і мы гатовыя дапамагаць.

Аб прапановах прыраўняць беларусаў у Літве да расейцаў

— Літва дала прытулак прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасьці, таксама ІТ-бізнэсу. Усяго ў Літве каля 60 тысяч беларускіх грамадзян. Яны занепакоеныя прапановамі паставіць грамадзян Беларусі ў Літве ў тыя ж умовы, што і грамадзян Расеі. Беларусы баяцца пагаршэньня сваёй сытуацыі ў Літве. Ці варта ім непакоіцца пра тое, як будзе разьвівацца далей сытуацыя з дазволамі на жыхарства для беларусаў?

— Ведаеце, Літва — гэта вельмі дынамічная дэмакратыя. Звычайна наконт практычна кожнага пытаньня ў нашым грамадзкім жыцьці ёсьць розныя думкі, і палітыкі спрачаюцца ў парлямэнце або ў прэсе наконт таго, як ладзіць тое грамадзкае жыцьцё. Абʼектыўна я ня бачу для людзей прычыны хвалявацца, або для ўраду — зьмяняць сваю палітыку, калі ідзецца пра тое, як разьмясьціць людзей, якія выбіраюць Літву як месца для працы і бясьпечнага пражываньня. Ня бачу такой прычыны.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

Дэбаты самі па сабе паказваюць, што ёсьць занепакоенасьць, і ў аснове гэтай занепакоенасьці — інтарэсы нацыянальнай бясьпекі. Можа, зьявіцца нейкая інфармацыя, якая прымусіць нас зьмяніць нашу палітыку. Але на дадзены момант у нас няма такой інфармацыі. І я ня бачу для нас прычын мяняць сваю палітыку. Так што людзі могуць тут працаваць, жыць. Мы дапаможам ім, і яны дапамогуць нашай краіне. У такім духу мы можам працаваць разам.

Ці прызнае Літва «пашпарт Новай Беларусі»

— Вы напэўна чулі аб праблемах з пашпартамі для беларусаў за мяжой пасьля ўказу Лукашэнкі... Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ідэяй пашпарту Новай Беларусі. Ці ёсьць шанец, што літоўскія ўлады яго прызнаюць?

— Гэта складанае пытаньне. На дадзены момант у нас ёсьць літоўскія дакумэнты, якія выдаюцца тым людзям, якія жывуць у Літве, якія маюць прытулак у Літве. Я ня ведаю, як такое будзе працаваць. Але я заўсёды кажу, што калі я ня ведаю, гэта ня значыць, што гэта немагчыма. Такім чынам, калі праект будзе рэалізаваны, нам трэба будзе ўважліва вывучыць, як гэта можна прыстасаваць да прававой сыстэмы Літвы.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс

І паколькі мы частка Шэнгену, частка эўрапейскіх рамак, нам таксама трэба было б вырашыць гэтую праблему з нашымі партнэрамі. Літва рэдка можа адасобіцца, прыняць рашэньне, ня маючы эўрапейскага разьвязаньня для пэўнага пытаньня або праблемы.

Клайпедзкі грузавы тэрмінал прапануюць пераарыентаваць зь беларускага калію на ўкраінскае збожжа

— І ў канцы я хацеў бы спытаць аб прадпрыемствах на тэрыторыі Літвы, уласьнікам якіх зьяўляецца беларуская дзяржава. У прыватнасьці, хачу спытаць пра санаторый «Беларусь» у Друскеніках, пра які беларускі бок заяўляў, што санаторый трэба адкрыць для рэабілітацыі хворых дзяцей.

А таксама пра тое, што цяпер адбываецца з тэрміналам насыпных грузаў Клайпедзкага порту, 30% якога належала «Беларуськалію». Прэм’ер-міністар Беларусі заявіў, што яго забралі, нават скралі. Што насамрэч адбылося, які цяпер яго юрыдычны статус, ці працуе гэты тэрмінал?

— Самая вялікая праблема для грузавога тэрміналу палягае цяпер у тым, што няма грузаў. Беларускага калію, які ішоў праз Клайпедзкі порт на сусьветныя рынкі, больш няма. Мы разумеем, літоўская кампанія слушна кажа, што замест беларускага калію ім будуць патрэбныя нейкія іншыя грузы. Адзін з варыянтаў, над якімі мы працуем, — гэта ўкраінскае збожжа. Бо той самы тэрмінал можа быць выкарыстаны і для экспарту збожжа. Калі яго так прыстасаваць, гэта было б выгадна для ўсіх. Не здымаць санкцыі, не адкрываць той самы канал, які выкарыстоўваўся ў мінулым, а шукаць нешта новае. Я думаю, што гэта добрая зьмена мысьленьня. Ужо цяпер мы больш ня служым рэжыму, а шукаем іншых шляхоў.

Уладам Беларусі прапанавалі, каб апазыцыя ўзгадняла сьпісы наведнікаў санаторыя «Беларусь» у Друскеніках

Цяпер пра санаторый «Беларусь». Я ня мог бы цяпер, напэўна, з поўнай упэўненасьцю назваць ягоны статус. Так што я б не гадаў.

— Наколькі я памятаю, статус мяняюць.

— Яны нешта зьмянілі, і гэта дазволіла прымаць дзяцей, але збольшага не беларускіх. Бо мы ж ня ведаем, хто з гэтага скарыстаецца, і хоць дзеці ёсьць дзеці, але мы сказалі: глядзіце, калі там семʼі АМАПу, ведаеце, нам было б цяжка прыняць, калі б гэтыя дзеці выбралі Літву месцам адпачынку. Таму мы прапанавалі ўраду Беларусі, што ім трэба будзе ўзгадняць тут з апазыцыяй сьпісы людзей, якія ўедуць у Літву ў гэты санаторый. Відавочна, гэтая прапанова ім не спадабалася. Але такім чынам мы мелі б пэўнасьць, што, напрыклад, прыедзе дзіця дысыдэнта. Можна так на гэта паглядзець. Так што тут мы былі б вельмі гасьцінныя. А калі гэта сямʼя АМАПаўцаў, я б сказаў, што, можа, ім лепш адпачываць у іншым месцы.

— Беларускі ўрад на гэта адказаў?

— Ня думаю. Ня ўпэўнены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG