Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад асуджэньня да віншаваньняў: Рэакцыі замежных дзяржаў пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль

абноўлена

Заявы наконт абвастрэньня сытуацыі ў Ізраілі і сэктары Газа публікуюць палітыкі і чыноўнікі па ўсім сьвеце. Адны краіны выказваюць падтрымку Ізраілю, іншыя — заклікаюць да стрыманасьці.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль асудзіў напад ХАМАС на Ізраіль і заклікаў неадкладна вызваліць закладнікаў, як мяркуецца, захопленых і вывезеных у Газу падчас нападу. «Гэта парушэньне міжнароднага права. Закладнікі павінны быць неадкладна вызваленыя», — напісаў ён у Твітэры.

«Гэта тэрарызм у яго самай агіднай форме. Ізраіль мае права абараняцца ад такіх гнюсных нападаў», — заявіла прэзыдэнт Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Прэм'ер-міністар Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу паразмаўляў з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Як перадае The New York Times, ён сказаў Байдэну, што «спатрэбіцца працяглая барацьба, у якой Ізраіль атрымае перамогу». У адказ Байдэн запэўніў, што цалкам падтрымлівае права Ізраіля на самаабарону.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты асудзілі напад ХАМАС на Ізраіль і выказалі салідарнасьць з уладамі і народам краіны.

Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што прыхільнасьць Вашынгтона праву Ізраілю на самаабарону застаецца непахіснай, а таксама выказаў спачуваньні сем'ям загінулых у выніку нападу ХАМАС.

«У бліжэйшыя дні міністэрства абароны [ЗША] будзе працаваць над тым, каб у Ізраіля было ўсё неабходнае для самаабароны і абароны мірнага насельніцтва ад гвалту і тэрарызму», — заявіў кіраўнік Пэнтагону.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваім Твітары выказаў падтрымку Ізраілю, салідарнасьць з пацярпелымі, іх сем’ямі і блізкімі і «рашуча асудзіў тэрарыстычныя напады на Ізраіль». Паводле яго, напад ХАМАС ня толькі «прычыняе глыбокія пакуты ізраільскаму народу», але і «ўзмацняе напружанасьць і падрывае палестынскія інтарэсы».

Кіраўніца МЗС Нямеччыны Аналена Бэрбак асудзіла напад на Ізраіль з боку сэктара Газа і заклікала да неадкладнага спыненьня гвалту ў дачыненьні да мірных грамадзян. «Мы цалкам салідарныя з Ізраілем», — падкрэсьліла Бэрбак.

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймс Клэвэрлі заявіў, што яго краіна «адназначна асуджае жудасны напад ХАМАС на ізраільскае цывільнае насельніцтва». «Вялікая Брытанія заўсёды будзе падтрымліваць права Ізраілю на самаабарону», — напісаў ён. Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак у сваю чаргу заявіў, што знаходзіцца ў кантакце з ізраільскімі ўладамі.

Напад ХАМАС на Ізраіль асудзілі таксама кіраўнікі МЗС Швэцыі і Гішпаніі.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заклікаў ізраільцян і палестынцаў да стрыманасьці.

«Мы заклікаем бакі дзейнічаць стрымана ў сьвятле падзей у Ізраілі сёньня раніцай і пазьбягаць неабдуманых крокаў, якія могуць прывесьці да эскаляцыі напружанасьці», — цытуе ягоныя словы агенцтва Anadolu. Пры гэтым, як паведамляе агенцтва, Эрдаган заявіў, што выступае «супраць любых замахаў на мячэць Аль-Акса». ХАМАС назваў сваю апэрацыю «Паводка Аль-Акса», абвінаваціўшы Ізраіль у акупацыі і ўварваньнях у мячэць на Храмавай гары ў Ерусаліме.

МЗС Савудаўскай Арабіі заклікала да неадкладнага спыненьня эскаляцыі канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Краіна ўважліва сочыць за разьвіцьцём беспрэцэдэнтнай сытуацыі, зазначаецца ў заяве ведамства.

МЗС Беларусі выказала «сур’ёзную занепакоенасьць» у сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Ізраілі і заклікала «дээскаляваць напружанасьць» у рэгіёне і пачаць перамовы, назваўшы «непрымальнай любую праяву агрэсіі, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва — недапушчальнымі».

У падтрымку баевікоў ХАМАС выступіў Іран. Дарадца вярхоўнага лідэра Ірану Рахім Сафаві павіншаваў палестынскіх баевікоў з пачаткам нападу на Ізраіль, паведамляе Jerusalem Post са спасылкай на іранскі навінавы сайт ISNA. Ён паабяцаў падтрымліваць палестынцаў.

На афіцыйнай старонцы прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў Фэйсбуку апублікаваны пост у падтрымку палестынскіх груповак.

МЗС Катару заклікала ўсе бакі спыніць эскаляцыю канфлікту, усклаўшы адказнасьць за тое, што адбываецца, на Ізраіль.

Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас заявіў, што палестынскі народ мае права на абарону ад «акупацыйных войскаў». Словы Абаса прыводзіць агенцтва Reuters.

Намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале пост, у якой у даволі неафіцыйнай манеры раскрытыкаваў палітыку ЗША на Блізкім Ўсходзе. «Пачатак сутыкненьняў паміж ХАМАС і Ізраілем у дзень 50-годзьдзя пачатку вайны Суднага дня — падзея, якую можна было чакаць. Вось чым трэба было займацца Вашынгтону і ягоным саюзьнічкам. Канфлікт паміж Ізраілем і Палестынай доўжыцца дзесяцігодзьдзі. І ЗША там ключавы гулец», — напісаў экс-прэзыдэнт Расеі.

  • З раніцы 7 кастрычніка палестынская групоўка ХАМАС, якая кантралюе сэктар Газа, масіравана абстрэльвае Ізраіль. У Ізраілі афіцыйна аб'явілі стан вайны і ўвялі надзвычайнае становішча. Чальцы ХАМАС праніклі ў ізраільскія прымежныя гарады. Ізраільскае войска праводзіць апэрацыю «Жалезныя мячы» і наносіць зваротныя авіяўдары па сэктары Газа. Дзясяткі ізраільскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў забіты і захопленыя ў закладнікі, сотні параненыя.
  • Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG