Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн абяцае працягваць дапамогу Ўкраіне, нягледзячы на праблемны часовы бюджэт


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абяцае працягнуць дапамогу Ўкраіне, нягледзячы на тое, што гэтая дапамога не ўвайшла ў часовы бюджэт на наступныя паўтара месяца.

Частка кангрэсмэнаў ад Рэспубліканскай партыі выступала супраць далейшай вайсковай дапамогі Ўкраіне.

У нядзелю Байдэн заявіў, што Ўкраіна можа і надалей разьлічваць на амэрыканскую дапамогу. «Мы ня можам, ні пры якіх абставінах, дазволіць перарваць амэрыканскую дапамогу Ўкраіне, — цытуе яго ВВС. — Я магу запэўніць нашых саюзьнікаў, што яны могуць разьлічваць на нашую падтрымку, мы ад гэтага не адмовімся»

Байдэн заклікаў Кангрэс як найхутчэй дамовіцца пра выдзяленьне дапамогі Ўкраіне. ЗША ўжо паставілі вайсковую дапамогу Ўкраіне прыкладна на 46 мільярдаў даляраў, і прэзыдэнт Байдэн зрабіў запыт яшчэ на 24 мільярды даляраў дапамогі.

Напярэдадні Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце, які прадугледжвае фінансаваньне ўрада да 17 лістапада 2023 года, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Закон дазволіць пазьбегнуць частковага прыпынку працы фэдэральнага ўрада (шатдаўна), які мог бы наступіць пасьля паўночы ў нядзелю, 1 кастрычніка.

У другой палове дня суботы Палата прадстаўнікоў падтрымала ўнесены сьпікерам Кевінам Макарці законапраект аб працягу фінансаваньня ўраду. Каля дзевяці гадзін вечара Сэнат большасьцю галасоў таксама прагаласаваў «за».

За паўгадзіны да паўночы па ўсходнім часе ЗША — тэрміну магчымага шатдаўну — зьявілася паведамленьне аб тым, што прэзыдэнт Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце. Закон на 47 дзён захавае дзяржаўныя выдаткі на ўзроўні мінулага фінансавага году, які завяршыўся ў суботу, 30 верасьня.

Часовы бюджэт прадугледжвае павелічэньне фэдэральнай дапамогі на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедзтваў да $16 млрд, у адпаведнасьці з запытам адміністрацыі Джо Байдэна, але не прадугледжвае сродкаў на дапамогу Ўкраіне.

Прыняцьце часовага бюджэту да пачатку кастрычніка дазволіла пазьбегнуць частковага прыпынку працы фэдэральнага ўрада (шатдаўна), якая магла б пачацца апоўначы. У гэтым выпадку многія фэдэральныя службоўцы былі б вымушаны пайсьці ў адпачынак, больш чым 2 млн вайскоўцам і рэзэрвістам прыйшлося б працаваць без заробку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG