18 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў два ўказы аб увядзеньні нацыянальных санкцыяў, раней зацьверджаных Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Збольшага ў новым санкцыйным сьпісе Ўкраіны — расейскія фізычныя і юрыдычныя асобы, але трапіла туды і беларускае прадпрыемства.
Згодна з адным з указаў, санкцыі ўводзяць супраць беларускага ААТ «Сьветлагорск-Хімвалакно». Абмежаваньні прадугледжваюць замарозку актываў, забарону на гандлёвыя апэрацыі, прыпыненьне ліцэнзіяў, забарону на ўдзел у дзяржзакупках і г.д.
«Сьветлагорск-Хімвалакно» яшчэ ў верасьні 2022 году трапіла пад амэрыканскія санкцыі, бо паводле Міністэрства фінансаў ЗША «забясьпечвае крытычна важны матэрыял для абароннай прамысловасьці Расеі».
Акрамя таго, пад санкцыі 56 расейскіх юрыдычных асобаў і тры кітайскія кампаніі. Таксама пад санкцыі трапілі39 грамадзян Расеі.
Другім указам Украіна ўводзіць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да яшчэ 20 грамадзян Расеі. У гэтым санкцыйным сьпісе апынуліся расейскія знакамітасьці — акторы, сьпевакі, спартоўцы. Пад санкцыямі апынуліся сьпевакі Гарык Сукачоў, Аляксандар Разэнбаўм, Мікалай Растаргуеў, Яраслаў Дронаў (вядомы пад псэўданімам Shaman), Раман Чумакоў (вядомы як Жыган), артысты балету Мікалай Цыскарыдзэ, Сяргей Палунін, акторы і рэжысэры Ягор Канчалоўскі, Аляксандар Панкратаў-Чорны, Ірына Апексімава, акторы Мікіта Джыгурда, Яўгеній Міронаў, Юры Куклачоў, Віталь Гагунскі і інш.
Форум