Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК: Пакуль у сьвеце адзначаюць дзень пажылых людзей, у Беларусі многія зь іх сталі самотнымі, бо дзеці ўцяклі ад рэпрэсій


Марш пэнсіянэраў у Менску, сьнежань 2020
Марш пэнсіянэраў у Менску, сьнежань 2020

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) Вольга Гарбунова згадала Маршы пэнсіянэраў, якія праходзілі ў Менску ў 2020 годзе.

Пасьля падзей 2020 года «вельмі шмат пажылых людзей сталі адзінокімі пры жывых дзецях і ўнуках, якія вымушаны былі зьехаць за мяжу», гэта адбылося «не таму, што ў іх нікога няма, а таму, што так вырашыў рэжым», заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінэта (АПК) Вольга Гарбунова з нагоды Дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка. Яе цытуе Bpn-info.

Паводле яе слоў, якія перадае прэс-служба АПК, з-за «пашпартнага ўказа» Аляксандра Лукашэнкі некаторыя пажылыя людзі «могуць застацца без сацыяльных паслуг, бо ня змогуць даказаць індывідуальную патрэбнасьць у іх: фармальна ў іх ёсьць блізкія, якія маглі б аб іх клапаціцца, але фактычна — блізкія за мяжой».

«Я заўсёды з цеплынёй ставілася да людзей ва ўзросьце. Ня толькі таму, што мяне так выхоўвалі, але і таму, што ў Беларусі ў іх няпростае жыцьцё: маленькія пэнсіі, дарагія лекі і прадукты і часта адзінокая старасьць», — зазначыла Гарбунова.

У 2020 годзе, акрамя «спагады і павагі», яна «адчула гонар і захапленьне» беларускімі пэнсіянэрамі, калі «ўбачыла на вуліцах актыўных, сьмелых, энэргічных, мэтанакіраваных і крэатыўных дарослых людзей са смагай перамен».

«Маршы пэнсіянэраў былі падтрымкай маладым: «Ня хочам, каб дзеці і ўнукі зьяжджалі», «Ва ўладзе павінны быць новыя асобы — ім тут жыць!», «Пэнсіі нам выплачвае не Лукашэнка, а наша моладзь!», — сказала прадстаўніца АПК.

«Тады мяне ўзрадавала не толькі гэтая падтрымка, але і тое, што маршы пэнсіянераў былі барацьбой за сваё годнае жыцьцё», — дадала Гарбунова.

Яна зьвярнула ўвагу, што «пакуль сьвет адзначае Міжнародны Дзень пажылых людзей, а ААН абвяшчае тэмай 2023 года выкананьне Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека для пажылых людзей», у беларускіх турмах «пакутуюць нечыя бацькі, бабулі і дзядулі», «там ня дзейнічаюць ільготы і няма дыферэнцыраванага падыходу, там іх павольна забіваюць».

«Пакуль рэжым выхваляўся перадавой і бясплатнай мэдыцынай, ад каранавіруса паміралі тыя, хто больш за ўсіх меў патрэбу ў мэдыцынскай дапамозе і інфармаваньні», — падкрэсьліла Гарбунова.

Яна пажадала пажылым людзям «моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцьця», каб «перажыць гэты рэжым і ўбачыць новую Беларусь і сваіх родных, якія змаглі вярнуцца на радзіму».

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG