Менгарвыканкам настойвае на ліквідацыі царквы, прыпісваючы ёй экстрэмісцкую дзейнасьць і, адпаведна, парушэньне закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка запісаў відэазварот у сувязі з пагрозай ліквідацыі грамады:
Гісторыя «Новага жыцьця»
- Грамада хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» была зарэгістраваная ў 1992 годзе.
- У 2002 годзе яна купіла былы кароўнік тады яшчэ ў вёсцы Сухарава Менскага раёну, адрамантавала яго і стала праводзіць у ім набажэнствы.
- У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстаньня зямельным участкам.
- У кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Калі сытуацыя вакол «Новага жыцьця» займела шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.
- У 2009 будынак царквы афіцыйна перадалі на балянс ЖРЭА Маскоўскага раёну.
- У 2020 годзе вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
- 17 лютага 2021 году судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам. Пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» пазбавілі памяшканьня. Пазьней набажэнствы праходзілі на вуліцы, на паркоўцы перад будынкам, але і іх улады забаранілі.
- 20 чэрвеня стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».
- У жніўні сілавікі затрымалі пастара менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку і ягонага зяця Ільлю Будая. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысціянская візія», у яго дом 14 жніўня «ўварвалася 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС. Зяця Ганчарэнкі, Ільлю Будая, арыштавалі на 5 дзён паводле артыкула 19.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).
- У канцы жніўня інфармацыйную прадукцыю царквы «Новае жыцьцё» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.