Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Максымальна дапамагаць беларусам», — новы прадстаўнік МЗС Польшчы па сувязях зь Беларуссью расказаў пра свае пляны


Артур Міхальскі. Архіўнае фота
Артур Міхальскі. Архіўнае фота

Дыплямата Артура Міхальскага нядаўна прызначылі спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

У інтэрвію Zerkalo.io ён расказаў пра пляны на новай пасадзе.

Артуру Міхальскаму 61 год. Ён быў амбасадарам Польшчы ў Беларусі з 2018 па 2023 год. У кастрычніку 2020 году Міхальскі вымушана пакінуў Беларусь на патрабаваньне беларускага боку, але да канца жніўня 2023 года выконваў свае абавязкі, знаходзячыся ў Польшчы. Сёлета 11 верасьня яго прызначылі спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Міхальскі зазначыў, што на новай пасадзе ён будзе рабіць акцэнт на цесным супрацоўніцтве з дэмакратычнымі коламі:

«Гэты ўдзел у розных імпрэзах, якія яны праводзяць у вольным сьвеце, датычных Беларусі. Гэта таксама прыслухоўваньне да патрэб беларускай дыяспары і дапамога ў вырашэньні нейкіх праблем.
Мы ведаем, што жыцьцё ў выгнаньні нялёгкае, і Польшча зрабіла, як мне здаецца, вельмі шмат для таго, каб беларусы адчувалі сябе тут добра. Заўсёды ўзьнікаюць новыя выклікі, і мне думаецца, што на іх варта зьвяртаць увагу іншых дзяржаўных інстытутаў. Я буду чалавекам, які паспрабуе дапамагчы вырашыць праблемы беларускай дыяспары ў выгнаньні. У нейкай ступені гэта будзе часткай маёй працы».

Па словах Артура Міхальскага, ў Польшчы захоўваюцца дыпляматычныя адносіны і з афіцыйнымі беларускімі ўладамі.

«У нас ёсьць амбасада ў Менску, ёсьць генэральныя консульствы ў Горадні і Берасьці... У Варшаве працягвае працу беларуская амбасада, часовы павераны ў справах Беларусі падтрымлівае кантакты з МЗС Польшчы».

Паводле Міхальскага, сёньня ў Польшчы пражываюць каля 300 тысяч беларусаў. На пытаньне, ці могуць іх закрануць палітычныя зьмены щ выпадку тэарэтычнай перамогі апазыцыі на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы, Міхальскі адказаў:

«У Польшчы існуе даўні кансэнсус і разуменьне ў адносінах да беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду. І ўрад, і асноўныя апазыцыйныя сілы прытрымліваюцца адной і той жа пазыцыі: Польшча мае патрэбу ў свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай беларускай дзяржаве. Абавязак Польшчы як суседняй краіны палягае таксама ў тым, каб дапамагчы беларусам, якія былі вымушаныя эміграваць».

Артур Міхальскі падкрэсьліў, што ў польскага ўраду «існуе глыбокае перакананьне, што яны павінны максымальна дапамагчы беларусам у адпаведнасьці з законам і іхнімі магчымасьцямі».

«Напрыклад, мы выдаем пашпарты іншаземцаў бясплатна да канца года. Але я думаю, што калі нешта канчаецца праз патрабаваньні заканадаўства, то ня будзе ніякіх перашкод для таго, каб гэта працягнуць».

Паведамленьне дарадцаў Сьвятланы Ціханоўскай аб існаваньні папярэдняй дамоўленасьці зь дзьвюма краінамі аб прызнаньні «пашпартоў новай Беларусі», адной зь якіх зьяўляецца Польшча, Міхальскі камэнтуе так:

«Калі яны гавораць аб дасягненьні дамоўленасьцяў зь дзьвюма краінамі, але не называюць іх, то няхай гэта так і застаецца. Я думаю, што гэта вельмі важная ініцыятыва, хаця і складаная ў юрыдычным сэнсе. Сапраўды вельмі складаная. І мы паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG