Паводле reform. by, на адкрыцьці Кангрэсу ўдзельнікаў віталі заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0 і кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеяньні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Беларускага ПЭНа, літаратарка і праваабаронца Тацяна Нядбай, прадстаўнік Бюро культуры Артур Юзьвік.
Тацяна Нядбай нагадала пра несупынныя жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі.
«Рэпрэсіі пусьцілі карані. Кожны дзень у нас новыя затрыманьні, новыя прысуды, здараюцца сьмерці ў турме. Сёньня мы, беларусы, не маем сваёй дзяржавы, мы маем краіну, якую павінны ў гэту дзяржаву вярнуць [...].
Але ў Беларусі зьнішчаецца ня толькі беларуская культура, але польская, і літоўская. Дзеяч польскай культуры, журналіст Анджэй Пачобут знаходзіцца ў калёніі беларускага рэжыму, асуджаны на восем гадоў. Прапагандысты малююць з Польшчы жахлівага ворага. Між тым нас — Беларусь, Польшчу — лучыць вялікі пэрыяд супольнай гісторыі, супольнай культуры і ўзаемадзеяньня. Я хачу падзякаваць Польшчы, якая сёньня стала для нас часовым домам і якая дапамагае нам вытрымаць тут, выжыць і штосьці зрабіць для нашай краіны».
На 16 верасьняь ў праграме заплянаваны даклады-дыскусіі ў агульных панэлях: «Культурная эміграцыя — мiнулае i сучаснасьць», «Магчымасьці і шляхі ўзаемадзеяньня эўрапейскiх і беларускіх культурных арганізацый» і круглы стол «Прафэсійнае мастацтва: экспэртыза, падтрымка i разьвіцьцё».
17 верасьня ўдзельнікаў форуму чакаюць круглыя сталы, абмеркаваньні і дыскусіі па адмысловых панэлях-напрамках: выдавецкая справа, візуальнае мастацтва, тэатр, беларускае традыцыйнае мастацтва.
Азнаёміцца цалкам з праграмай Кангрэсу можна тут.
- Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі — вынік сумесных намаганьняў беларускіх экспэртаў і арганізацый. Яго місія — дасьледаваньне актуальнай сытуацыі, стварэньне ўмоў для разьвіцьця беларускай культуры і захаваньне культурнай спадчыны. Імпрэза ладзіцца ў Варшаўскім цэнтры крэатыўнасьці 16-17 верасьня.