Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасоўная выстава пра Бяляцкага «Я не баюся, няхай яны баяцца» адкрылася ў Варшаве, нягледзячы на спробы яе сарваць. ФОТА


Выстава, прысьвечаная Алесю Бяляцкаму, у Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 26 верасьня 2023
Выстава, прысьвечаная Алесю Бяляцкаму, у Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 26 верасьня 2023

Выстава адкрылася ў Беларускім доме ў Варшаве ўвечары 26 верасьня. Пачалося зь невялікай затрымкай, бо невядомыя паведамілі аб міне ў будынку Фонду.

Перасоўная выстаўка пра палітвязьня, кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага «Я не баюся, няхай яны баяцца» ўпершыню дэманструецца на беларускай мове.

«Гэта выстава аб жыцьці Алеся Бяляцкага, ягоным шляху да незалежнай, дэмакратычнай Беларусі», — адзначыў, адкрываючы экспазыцыю, кіраўнік Беларускага дома Алесь Зарэмбюк.

Паводле яго, Бяляцкі знаходзіцца ў турме, як і тысячы іншых палітвязьняў, таму абавязак тых, хто на волі, «гаварыць пра гэта, нагадваць, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне і ўсе іншыя глябальныя праблемы».

«За нас ніхто нашай беларускай справы ня зробіць», — падкрэсьліў выступоўца.

Зарэмбюк паведаміў, што выставу ўжо ўбачылі ў Бэрліне, «і ў шэрагу нямецкіх гарадах на ангельскай мове яна працягвае падарожнічаць».

«Мы пераклалі яе на беларускую мову, каб беларусы змаглі даведацца аб сьвядомым выбары Алеся Бяляцкага», — зазначыў кіраўнік Беларускага дома.

«Некаторыя нашыя замежныя сябры думаюць, што беларусы спалі-спалі — і прачнуліся ў 2020 годзе. Але гэта зусім ня так. Бяляцкі — гэта фігура, якая дэманструе, што ён і такія, як ён, талакоўцы (створанае ў 1985 годзе аб’яднаньне нацыянальна арыентаванай моладзі „Талака“. — BPN), наступныя пакаленьні з БНФ „Адраджэньне“, з грамадзкіх арганізацый, ведалі, якую Беларусь хочуць бачыць — дэмакратычную, незалежную, і прысьвяцілі гэтаму ўсё сваё жыцьцё», — дадаў Зарэмбюк.

«Выстава рыхтуецца праехаць па шэрагу краін Эўропы. Мы зрабілі яе на розных мовах. Пачалі з Нямеччыны, з Бэрліна (7-21 верасьня ў Інстытуце Пілецкага. — BPN). Цяпер нашы дыяспары адвязуць яе ў Гамбург, потым будуць Дрэздэн, бундэстаг, Брусэль (і ў Эўрапарлямэнце, і ў беларускім народным пасольстве)», — зазначыў кіраўнік «Маланка мэдыя» Павал Марыніч.

Супрацоўнікі гэтай рэдакцыі падрыхтавалі дакумэнтальны фільм «Бяляцкі» («Bialacki»), які дэманстраваўся падчас вэрнісажу.

Паводле Марыніча, выстава перакладуць таксама на польскую мову і пакажуць ў Сэйме. На яго думку, гэта «прыцягне ўвагу палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў і прадэманструе, што сёньня Беларусь — усеагульная турма, у якой зьнішчаюць эліту нацыі».

Перад адкрыцьцём выставы невядомыя паведамілі аб мінаваньні будынка, дзе знаходзіцца Беларускі дом, таму імпрэза пачалася з затрымкай.

«У галоўную камэндатуру паліцыі ў Варшаве даслалі мэйл, што на тэрыторыі альбо нашага дворыка, альбо будынка знаходзіцца бомба», — патлумачыў тое, што адбылося Алесь Зарэмбюк.

«Я ня памятаю такой сытуацыі ў нашай 12-гадовай гісторыі, — зазначыў ён. — Гэта толькі пацьвярджае, што тыя справы, якія мы робім, важныя, і нам трэба працягваць рабіць беларускую, грамадзкую справу».

Выстава будзе працаваць штодзень да 10 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG