Першай выкінулі Армэнію. Хто наступны? Такое пытаньне задаюць сёньня кіраўнікі ўсіх краін — удзельніц АДКБ.
Сьцісла:
- Цяпер у рэгіёне Нагорнага Карабаху назіраецца сытуацыя гуманітарнай катастрофы. Дзясяткі тысяч карабахцаў вымушаныя пераяжджаць у Армэнію. Але АДКБ не рэагуе. Бо місія гэтай арганізацыі — абарона кіроўных рэжымаў, а не народаў.
- Дзяржаўныя мэдыя Беларусі адкрыта і адназначна крытыкуюць Армэнію і фактычна падтрымліваюць Азэрбайджан у гэтым канфлікце.
- Армэнію вінавацяць у тым, што яна паспрабавала «дамовіцца з Захадам». Але апэляцыя да Захаду зьявілася пасьля таго, як Расея, АДКБ адмовіліся дапамагчы Армэніі.
- Акрамя ўсяго іншага, зьлёгку прыхаваная злараднасьць у расейскіх і беларускіх мэдыя з нагоды цяперашніх падзеяў вакол Карабаху — гэта ў пэўным сэнсе помста Армэніі за рэвалюцыю 2018 году.
Мяркуючы па ўсім, карабаскі крызіс пераходзіць у сваю заключную стадыю. Гісторыя вайны вакол гэтага армянскага экскляву на тэрыторыі Азэрбайджану сьведчыць пра тое, што насельніцтва боку, які прайграў, пакідае свае дамы і ўцякае. Хацеў бы памыліцца, але баюся, што жыхары Нагорнага Карабаху будуць вымушаныя перасяляцца на тэрыторыю Армэніі. Такія жорсткія законы гэтай вайны.
Армэнія, сябра АДКБ, пацярпела жорсткую паразу. Цяпер шмат гавораць пра ролю Расеі ў гэтым канфлікце. А што ж АДКБ? Маўчыць. Нават нейкіх фармальных дзеяньняў, кшталту экстранага саміту, ня зроблена. І гэта вельмі адметна. Калі на пачатку 2022 году ў Казахстане здарыліся масавыя народныя пратэсты, АДКБ, каб уратаваць рэжым Назарбаева-Такаева, імгненна накіравала туды свае войскі. Цяпер назіраецца сытуацыя гуманітарнай катастрофы. Дзясяткі тысяч карабахцаў вымушаныя пераяжджаць у Армэнію. Але АДКБ не рэагуе. Бо місія гэтай арганізацыі — абарона кіроўных рэжымаў, а не народаў.
Тут вырашальнай зьяўляецца пазыцыя Расеі. Але Маскве цяпер не да Армэніі. Бо сваіх праблем вельмі шмат. Магчыма, галоўны ўрок цяперашняй стадыі карабаскай трагедыі можна сфармуляваць так: калі Расея трапляе ў складаную сытуацыю, то выкідае за борт баляст пад назвай «саюзьнікі». Так было ў момант і пасьля распаду СССР, калі Масква «кінула» сваіх шматлікіх хаўрусьнікаў — ад Афганістану да Кубы і Віетнаму. Так і цяпер. Першай за бортам апынулася Армэнія. Хто наступны? Такое пытаньне задаюць сёньня кіраўнікі ўсіх краін — удзельніц АДКБ.
Беларускае МЗС выступіла з заявай наконт сытуацыі ў Карабаху, сэнс якой такі: давайце жыць дружна. Лукашэнка маўчыць. Але дзяржаўныя мэдыя адкрыта і адназначна крытыкуюць Армэнію і фактычна падтрымліваюць Азэрбайджан у гэтым канфлікце. Яны ідуць усьлед за расейскімі СМІ.
У гэтым пляне вельмі характэрны артыкул у газэце «Беларусь сегодня» аглядальніка Аляксандра Цішчанкі ад 20.09.2023 «Хто галоўны вінаваты ў карабаскай трагедыі?». Адказ вас зьдзівіць. Аказваецца, ЗША! Паводле аўтара, ва ўсіх міжнародных праблемах вінаватыя амэрыканцы, гэта аксіёма, і доказы тут не патрэбныя.
А на другім месцы па ступені адказнасьці газэта называе кіраўніцтва Армэніі. Бо яно паспрабавала «дамовіцца з Захадам». Цішчанка піша: «Варта чакаць, што Ерэван у найбліжэйшай будучыні будуць ператвараць у каўкаскі Кіеў, зараз па схеме армянскі інтарэс будуць напампоўваць тэмай натаўскіх пэрспэктыў і заходняй гарантыі бясьпекі». Аўтар ня згадвае, што імкненьне дамовіцца з Захадам зьявілася пасьля таго, як аказаць дапамогу Армэніі адмовіліся Расея, АДКБ.
Варта адзначыць, што ў афіцыйнага Менску свае рахункі зь цяперашнім кіраўніцтвам Армэніі. Акрамя ўсяго іншага, справа ў тым, што цяперашні армянскі прэм’ер Нікол Пашыньян прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе ў выніку народных пратэстаў. Праўда, потым ён двойчы прайшоў праз выбары, але як палітык быў «народжаны рэвалюцыяй». Для аўтарытарных лідэраў краін — сяброў АДКБ Пашыньян выглядае палітычна «чужым». Яны прынялі яго зь вялікім незадавальненьнем, пагардай. Лукашэнка тады выступіў з публічным заклікам стварыць у рамках СНД мэханізм калектыўнай абароны аўтарытарных рэжымаў ад народных рэвалюцый, антырэвалюцыйны саюз. (Гэты мэханізм спрацаваў у 2022 годзе, падчас народных пратэстаў у Казахстане). У тым жа 2018 годзе, адразу пасьля перамогі армянскай рэвалюцыі, паміж Менскам і Ерэванам узьнік канфлікт за пасаду генэральнага сакратара АДКБ.
Таму зьлёгку прыхаваная злараднасьць у расейскіх і беларускіх мэдыя з нагоды цяперашніх падзеяў вакол Карабаху — гэта ў пэўным сэнсе помста Армэніі ня толькі за спробу «дамовіцца з Захадам», але і за тую рэвалюцыю. Каб іншым не панадна было.