Як паведамляе Delfi, літоўскія перавозчыкі, фуры якіх захрасьлі ў Беларусі, плянуюць пратэст.
«Паколькі расьце незадаволенасьць і гнеў сярод незалежных перавозчыкаў, якія ня могуць вярнуць свае грузавікі зь Беларусі, асацыяцыя Linava плянуе правесьці акцыю пратэсту ў Вільні 10 сьнежня. Перавозчыкі шумяць, у асноўным тыя, хто не знаходзіцца ні ў якіх асацыяцыях. Мы бачылі, што яны плянуюць перакрыць трасу М1 пад Марʼямпалем. Таму, каб адцягнуць іх увагу і прымусіць адмовіцца ад падобных плянаў, мы арганізуем мірную акцыю на праспэкце Гедыміна», — сказаў Эрляндас Мікенас, прэзыдэнт Асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava.
«Мы падалі заяўку на 10 сьнежня. У сераду мы абмяркуем яе ва ўрадзе, і тады паглядзім, ці атрымаем мы гэтую дату», — дадаў ён.
Паводле слоў прэзыдэнта Linava, галоўная мэта асацыяцыі — дабіцца таго, каб перавозчыкі не блякіравалі вуліцы і тым самым не перашкаджалі рабоце сваіх калег, а таксама не стваралі нязручнасьці для грамадзян.
«Мы паставілі пытаньне перад незалежнымі перавозчыкамі: каго вы заблякуеце пад Марʼямпалем? Напэўна, тых жа сваіх калегаў, якія едуць у Заходнюю Эўропу, альбо мы створым нязручнасьці для грамадзян, чыё меркаваньне аб перавозчыках і так дрэннае», — прызнаў Мікенас.
Паводле яго слоў, з пачатку крызісу грузаперавозак страты, паводле ацэнак транспартных кампаній, ужо дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць з кожным днём.
«Пратэставаць хочуць тыя, хто ня можа вярнуць свае транспартныя сродкі. Мы пачалі падлічваць страты, і лічбы жахлівыя — мы набліжаемся да 100 млн эўра, і гэтая лічба расьце з кожным днём. Акрамя таго, ёсьць штодзённая страта даходу — кожная фура, якая зараз прастойвае, звычайна прыносіць каля 10 тыс. эўра даходу ў дзень », — заявіў кіраўнік Linava.
Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, што неаднаразова парушала працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» на мяжы зь Беларусьсю. Беларускія ўлады пасьля закрыцьця Літвой мяжы забараніў рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозчыкі, якія захрасьлі на мяжы, вымушаныя разьмяшчаць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта. Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў уручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі ў Літве. Беларускі бок патрабуе пачатку палітычных перамоваў з гэтай нагоды.
Форум