Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія і Латвія забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Да чаго гэта можа прывесьці?

абноўлена

Эстонска-расейская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Эстонска-расейская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Эстонія і Латвія забаранілі ўезд у краіну аўтамабілям з расейскімі нумарамі з боку вонкавай мяжы пасьля рэкамэндацыі Эўракамісіі лічыць нелегальным імпартам у ЭЗ уезд прыватных аўтамабіляў. Напярэдадні пра абмежаваньні на ўезд паведамілі літоўскія ўлады.

Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс заявіў, што забарона на ўезд вартая мэты «павысіць цану агрэсіі» для Масквы і «прымусіць краіну-агрэсара адступіць да сваіх межаў [з Украіны]».

Выказваньне эстонскага міністра пракамэнтавала расейская апазыцыянэрка, кіраўніца Фонда барацьбы з карупцыяй Марыя Пеўчых.

«Пакуль эстонскія кампаніі зарабляюць грошы, дапамагаючы Пуціну рамантаваць яхту, а муж прэм’ер-міністаркі (Эстоніі — РС) вядзе справы з Расеяй, яны закрываюць межы для тых, хто ўцякае ад вайны і дыктатуры».

Напярэдадні пра абмежаваньні на ўезд паведамілі літоўскія ўлады: уезд у краіну цяпер магчымы толькі для транзыту ў Калінінград і назад.

У Латвіі і Эстоніі растлумачылі, што з унутранай мяжы, зь іншых краін ЭЗ, аўтамабілі заяжджаць могуць. Літва такіх тлумачэньняў не давала. Усе краіны адзначылі, што абмежаваньні датычацца і грамадзян ЭЗ, і людзей з дазволамі на жыхарства ў ЭЗ і ў краінах Балтыі ў прыватнасьці.

Кіраўнік літоўскай мытні Дарус Жвіронас у эфіры радыёстанцыі LRT адзначыў, што ў будучыні тлумачэньні Эўракамісіі могуць закрануць і аўтамабілі, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі ЭЗ.

«Я лічу, што кожны грамадзянін Расеі, які мае аўтамабіль, зарэгістраваны ў Расеі, павінен заклапаціцца і выехаць на гэтым транспартным сродку ў трэція краіны», — заявіў ён (выступ працытаваны па перакладзе сайту Delfi).

Аўтаблогер Дзьмітры Навіцкі пракамэнтаваў сытуацыю для Onliner. Ён лічыць, што расейцы пачнуць рэгістраваць свае аўтамабілі на тэрыторыі Беларусі.

«Думаю, расейцы стануць часьцей рэгістраваць свае аўтамабілі ў Беларусі і езьдзіць зь беларускімі нумарамі. Абы быў надзейны чалавек у нашай краіне. Могуць афармляць даверанасьць, а могуць проста катацца са сваімі пасьведчаньнямі: як у роднай краіне, так і ў ЭЗ. Бо кіраваньне машынай з расейскімі правамі не пад забаронай.

Але найбольш верагодным разьвіцьцём падзей здаецца пашырэньне пракатаў, офісаў доўгатэрміновай арэнды. Літаральна адразу за пунктам пропуску можна разьмясьціць пункт пракату аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі. Прычым аўтамабілі там будуць прэміюм-клясы, напрыкладнямецкія пазадарожнікі, якія любяць нашы суседзі. Ніхто ж не забараняе катацца па Эўропе з расейскімі правамі. Думаю, гэты бізнэс ужо зараз разгортваецца ў прымежных гарадах Польшчы і Літвы, куды зь Беларусі можна прыехаць на аўтобусе ці нават ровары. Таксама падобны пракат можа „стрэліць“ у Менску і прымежных беларускіх гарадах (толькі зь беларускімі нумарамі)».

Фінляндыя ўводзіць забарону на ўезд расейскіх аўтамабіляў з 16 верасьня

Пра гэта сказала кіраўніца МЗС Эліна Валтанен.

Фінляндыя ня будзе канфіскоўваць аўтамабілі, якія знаходзяцца ў краіне, з расейскай рэгістрацыяй, удакладніла Эліна Валтанен. Аўтамабілі з расейскімі нумарамі, якія ўжо знаходзяцца ў Фінляндыі, павінны быць вывезены з краіны да 16 сакавіка 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG