Эўракамісія пацьвердзіла інтэрпрэтацыю санкцыйнага заканадаўства ў дачыненьні да Расеі, паводле якой уезд у краіны Эўразьвязу на зарэгістраваных у РФ аўтамабілях будзе расцэньвацца як забаронены імпарт, паведамляе РБК.
Расейцам трэба ўстрымацца ад паездак у Фінляндыю на машынах з расейскімі нумарамі праз новыя тлумачэньні Эўракамісіі. Такую рэкамэндацыю выпусьціла пасольства РФ у гэтай краіне.
«Ня мае значэньня, ці выкарыстоўваецца транспартны сродак у прыватных або камэрцыйных мэтах, калі ён падпадае пад мытныя коды, пералічаныя ў дадатку XXI (у тым ліку код 8703), паходзіць з Расеі або экспартуецца зь яе. Часьцей за ўсё гэта датычыцца транспартных сродкаў, якія маюць расейскія нумарныя знакі і зарэгістраваных у Расеі», — гаворыцца ў дакумэнце Эўракамісіі.
У дакумэнце таксама адзначаецца, што тэрмін, на які ўвозіцца аўтамабіль з расейскімі нумарамі, і мытная працэдура, якая выкарыстоўваецца пры гэтым, ня маюць значэньня.
Пастанова «забараняе непасрэдную пакупку, імпарт або перадачу» аўтамабіляў. Акрамя таго, Эўракамісія падкрэсьліла, што ўсё роўна, ці мае аўтамабіль расейскае паходжаньне ці ён імпартуецца з Расеі.
Акрамя таго, РБК піша, што мытныя органы краін Эўразьвязу таксама могуць не прапусьціць яхты, прычэпы і паўпрычэпы для перавозкі грузаў, а таксама асабістыя рэчы расейцаў (у тым ліку турыстаў): фотаапараты, касмэтыку, валізкі, ноўтбукі і мабільныя тэлефоны, вырабы са скуры і футра, напаўкаштоўныя і каштоўныя камяні, туалетную паперу, шампуні, зубныя пасты. Аднак пацьверджаньня гэтай інфармацыі ў дакумэнце ЭЗ няма.