Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб захаваць беларускі пашпарт, давядзецца адседзець? Расказваем пра новы закон «Аб грамадзянстве»


11 ліпеня ўступіў у сілу абноўлены закон «Аб грамадзянстве». Беларусы, якія атрымалі замежнае грамадзянства ці дазвол на жыхарства, павінны «даносіць на сябе». Тых, хто асуджаны за «экстрэмізм» і зьехаў, будуць пазбаўляць беларускага пашпарта.

«На людзей будуць ціснуць, каб адмаўляліся ад замежных дакумэнтаў, іх будуць спрабаваць вэрбаваць»

На думку палітоляга, экс-дыплямата Анатоля Котава, абедзьве навацыі абноўленага закону сьведчаць пра стаўленьне беларускага рэжыму да сваіх грамадзянаў як да рабоў, якія ўсё жыцьцё абавязаныя рэжыму за тое, што яны нарадзіліся ў Беларусі і маюць пашпарт адпаведнага ўзору.

«Калі беларусы атрымліваюць дакумэнты, якія легалізуюць іх знаходжаньне на тэрыторыі іншай дзяржавы не ад добрага жыцьця на радзіме, а ад таго, што рэжым стварыў невыносныя ўмовы, дзяржава прапануе: данясі на сябе сам. Рэжым фактычна выштурхнуў людзей з краіны, а яны павінны наіўна зрабіць зь сябе ахвяру за тое, што вымушаныя былі атрымаць дакумэнты за мяжой».

Згодна з артыкулам 11 абноўленага закону, які называецца «Непрызнаньне за грамадзянінам Рэспублікі Беларусь прыналежнасьці да грамадзянства замежнай дзяржавы», беларус павінен цягам 3 месяцаў з дня атрыманьня замежных дакумэнтаў «праінфармаваць органы ўнутраных спраў альбо органы дыпляматычнай службы».

Начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун на прэсавай канфэрэнцыі таксама падкрэсьліў, што нормы заканадаўства забараняюць прымаць на дзяржаўную службу і некаторыя іншыя пасады асоб, якія маюць замежнае грамадзянства або дазволы на жыхарства.

Фактычна і раней былі пэўныя абмежаваньні: да прыкладу, людзей, якія мелі карту паляка і працавалі ў дзяржустановах, прымушалі ад яе адмаўляцца, кажа Анатоль Котаў.

«Карта паляка сьведчыла нібыта аб неляяльнасьці да беларускага рэжыму, да службы на гэты рэжым. Цяпер на памежным кантролі таксама людзей прымушаюць адмовіцца ад карты паляка, дазволу на жыхарства.

Гэта існавала і раней, але цяпер дасягнула свайго апагею і замацавана заканадаўча», — тлумачыць Анатоль Котаў.

На думку палітоляга, гэта яшчэ мацней будзе выкарыстоўвацца як ціск на людзей, на іх сваякоў, калі людзі прыяжджаюць зь нейкай мэтай у Беларусь.

«На людзей будуць ціснуць, каб адмаўляліся ад замежных дакумэнтаў, іх будуць спрабаваць вэрбаваць», — выказвае сваю думку Анатоль Котаў.

«Людзі пры ўладзе сур’ёзна лічаць, што грамадзянства Беларусі — гэта такі сур’ёзны прывілей?»

Другая навацыя законау дае магчымасьць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмісцкія» злачынствы асобаў, якія зьехалі з краіны.

Аляксей Бягун на прэс-канфэрэнцыі паведаміў, што ў грамадзян, у адносінах да якіх вынесены прысуды, якія зьехалі і фактычна хаваюцца ад выкананьня прысуду, ёсьць дзьве опцыі: быць пазбаўленымі грамадзянства аўтаматычна альбо вярнуцца ў Беларусь і адседзець свой тэрмін, каб ня страціць грамадзянства.

Палітоляг Анатоль Котаў кажа, што ў яго зноў узьнікае асацыяцыя з рабствам.

«Калі ад гаспадара зьбеглі рабы на волю, ён кажа: „У мяне такі прывабны ашыйнік, вы вяртайцеся, 15 гадоў паседзіце, бо ашыйнік сапраўды файны“.

І вось людзі пры ўладзе сур’ёзна лічаць, што грамадзянства Беларусі — гэта такі сур’ёзны прывілей, якім неабходна ганарыцца, каб пайсьці па неправасудным прысудзе і „прысесьці“ на 15–20 гадоў?» — задае рытарычнае пытаньне палітоляг.

Начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна не засмучае той факт, што істотна павялічыцца колькасьць асобаў без грамадзянства, што супярэчыць міжнародным канвэнцыям.

«Па-першае, гэтыя асобы не знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. І, па-другое, заўсёды ёсьць выбар: або вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і выканаць рашэньне суду Рэспублікі Беларусь, адбыць у вызначаным парадку пакараньне... Або па-ранейшаму знаходзіцца за межамі краіны з усімі наступствамі: як гэта грамадзянін Беларусі, калі ён фактычна ўхіляецца ад выкананьня законнага рашэньня суду», — растлумачыў сваю пазыцыю палкоўнік Бягун.

«Адказваць за імплемэнтацыю такіх законаў яшчэ давядзецца»

На думку палітоляга Анатоля Котава, прымаючы такія спрэчныя і нелягічныя рашэньні, заканатворцы зрабілі гэта вельмі асьцярожна, пераклаўшы зь сябе адказнасьць на самога чалавека. Ён параўноўвае фармулёўку «страты грамадзянства» зь дзіцячай хітрасьцю.

«Дзіця, да прыкладу, разьбіла талерку, у яго пытаюцца, хто гэта зрабіў, а яно адказвае: „Ня ведаю, яна сама разьбілася“. Так і тут. Атрымліваецца, што чалавек сам страціў грамадзянства. Судзьдзя, які выносіць прысуд за так званы экстрэмізм, ня піша: „пазбавіць грамадзянства“, а дае 10, 15, 20 гадоў. Гэты прысуд прыходзіць у Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі, і яны таксама не пазбаўляюць грамадзянства, а рэгіструюць страту грамадзянства ў сувязі з тым, што ёсьць прысуд, а асобы няма на тэрыторыі Беларусі.

То бок ніхто ні за што не адказвае. Гэта таксама сьведчыць пра нейкую дзіцячую боязь свайго народу і боязь сваёй адказнасьці. Але адказваць за прыняцьце, за імплемэнтацыю такіх законаў яшчэ давядзецца», — перакананы Анатоль Котаў.

«Рэжым сам дапамагае беларусам вырашаць свае праблемы за мяжой»

На думку палітоляга Котава, пазбаўленьне беларусаў грамадзянства будзе стымуляваць іншыя краіны спрасьціць працэдуру легалізацыі, атрыманьня дазволу на жыхарства, грамадзянства.

«Гэта вельмі добры крок з боку рэжыму, як бы дзіўна гэта ні гучала. Канечне, не ўва ўсіх краінах добрае стаўленьне да беларусаў (магчыма, праз тое, якую ролю адыгрывае рэжым у вайне ва Ўкраіне), але гэта будзе стымуляваць іх, як у Польшчы, рабіць захады, каб выдаваць нацыянальныя дакумэнты хутчэй у льготным парадку для беларусаў. То бок рэжым сам дапамагае беларусам вырашаць свае праблемы за мяжой», — разважае палітоляг і экс-дыплямат Анатоль Котаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG