Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам. Сэрбія ня ўводзіла санкцый супраць Расеі пасьля яе ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
Як паведаміла прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта, сустрэча адбылася ў Атэнах (Грэцыя) у межах саміту Ўкраіна — Балканы.
«Бакі адзначылі, што ўзаемная падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту зьяўляецца важнай часткай партнэрства Ўкраіны і Сэрбіі», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Ўладзіміра Зяленскага.
Паведамляецца, што ўкраінскі прэзыдэнт праінфармаваў Аляксандра Вучыча аб сытуацыі на фронце і аб дзеяньнях украінскай арміі. Кіраўнікі Ўкраіны і Сэрбіі абмеркавалі пытаньні рэгіянальнай бясьпекі і двухбаковых дачыненьняў і асобна зьвярнулі ўвагу на супольныя выклікі на шляху інтэграцыі краін у Эўразьвяз.
Зяленскі падзякаваў Вучычу за гуманітарную дапамогу Ўкраіне і ўкраінцам, якія знайшлі прытулак у Сэрбіі ад расейскай вайны.
Прэзыдэнт Украіны заклікаў Сэрбію падтрымаць украінскую формулу міру і ўзяць удзел у трэцім саміце Крымскай плятформы, які адбудзецца 23 жніўня. Галоўная тэма саміту — дэакупацыя Крыму.
На афіцыйным сайце сэрбскага прэзыдэнта пакуль адсутнічае інфармацыя аб выніках сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім. У адным з паведамленьняў яе анансаваў сам Вучыч і выказаў спадзеў, што «размова будзе добрай і адкрытай».
У Атэнах (Грэцыя) 21 жніўня прайшоў саміт Украіна — Балканы, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх балканскіх краін і кіраўнікі Эўразьвязу. Па выніках саміту ўдзельнікі ўхвалілі дэклярацыю аб падтрымцы Ўкраіны на тле працягу поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, якую падтрымаў і Аляксандар Вучыч.
«Уварваньне Расеі ва Ўкраіну зьяўляецца паваротным момантам для Эўропы, што стварае новы ўзровень усьведамленьня агульных прынцыпаў, адзінства і агульнай будучыні ў рамках ЭЗ. Гэты крытычны час для бясьпекі, міру і стабільнасьці нашага Эўрапейскага кантынэнту. Законы і прынцыпы, якія так доўга спрыялі стабільнаму і чаканаму парадку эўрапейскай бясьпекі, былі парушаныя, і мы зноў становімся сьведкамі праяў згубных наступстваў рэвізіянізму», — гаворыцца ў дакумэнце, які працытавала прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.
Дэклярацыю падпісалі прэзыдэнты Сэрбіі Аляксандар Вучыч, Малдовы Мая Санду, Чарнагорыі Якаў Мілатавіч, прэм’ер-міністры Грэцыі Кірыякас Міцатакіс, Румыніі Ён-Марчэл Чалаку, Косава Альбін Курці, Паўночнай Македоніі Дзімітар Кавачэўскі, Баўгарыі Нікалай Дэнкаў і Харватыі Андрэй Пленкавіч, галава Рады міністраў Босьніі і Герцагавіны Борʼяна Крышта, а таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў прысутнасьці прэзыдэнтаў Эўрапейскай рады і Эўрапейскай камісіі.