Нельга сказаць, што ўказ пра забарону беларускім кансулятам выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі і выконваць вялікую колькасьць іншых адміністрацыйных працэдур стаў такім ужо нечаканым. Да гэтага ішло. Навошта Лукашэнка прыняў такі закон і хто ад яго выйграе – у новым камэнтары палітычнага аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча.
- Указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня № 278 пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Касуецца права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, уключаючы нерухомасьць і аўтамабілі. Такія ўгоды можна будзе ажыцьцяўляць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармлялі консульствы).