У судзе Маскоўскага раёну Менску 7 верасьня распачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць 15-гадовага Арцёма Вайцяховіча, брата адміністратара канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси». Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 208 КК («Вымаганьне»). Вядома, што брат Арцёма атрымліваў патрабаваньні спыніць дзейнасьць як умову для вызваленьня Арцёма.
Хлопца ўтрымліваюць пад вартай з 30 студзеня гэтага года. Справу разглядае судзьдзя Лідзія Целіца. Суд адразу зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы.
У Круглым паўторна асудзілі Аліну Гораву. У яе моцныя праблемы са здароўем
Горавай прызначылі 1,5 года «хатняй хіміі». У канцы траўня палітзьняволенай прысудзілі 1 год «хатняй хіміі», а праз два тыдні пасьля прысуду зноў затрымалі па «пратэставым» артыкуле.
Па словах крыніцы «Мэдыязоны», рашэньне ў першай крымінальнай справе анулявалі. У справе «знайшлі памылкі». Падчас абвяшчэньня другога прысуду судзьдзя сказала, што Горава «раней не судзімая».
Імя Аліны Горавай стала вядомым праз тое, што ў зьняволеньні ў яе абвастрыўся шэраг хранічных захворваньняў, у прыватнасьці праблемы з ныркамі і полавымі органамі, пеліянэфрыт. Аднак адміністрацыя Магілёўскага СІЗА, у якім тады сядзела палітзьняволеная з Круглага, не палічыла гэта вялікімі праблемамі са здароўем.
Зьявілася інфармацыя аб затрыманьнях на ААТ «Лідахлебапрадукт» і ААТ «Лакафарба»
Пра гэта паведамляе @lida_grab_court.
Паводле іх, затрыманьні адбыліся за «падпіскі» і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На ААТ «Лакафарба» ўчора былі затрыманы 6 чалавек – сёньня іх выпусьцілі, выпісаўшы кожнаму штрафы па 10 базавых велічыньяў.