Здымак зроблены 24 жніўня апаратам NASA Lunar Reconnaissance Orbiter, які знаходзіцца на арбіце Месяца. Ён апублікаваны разам са здымкам таго ж раёну, зробленым у чэрвені 2020 году.
На новым здымку відаць невялікі кратэр, якога няма на старым.
Як гаворыцца ў паведамленьні NASA, дыямэтар новага кратэра прыкладна 10 мэтраў. Амэрыканскае агенцтва прыходзіць да высновы, што, хутчэй за ўсё, ён утварыўся не з натуральных прычынаў, а ад падзеньня расейскага апарата.
«Луна-25» была першай у постсавецкай Расеі месяцовай місіяй. Ракету з апаратам запусьцілі 11 жніўня.
«Луну-25» вывелі на арбіту спадарожніка Зямлі, аднак пры вывадзе на перадпасадачную арбіту, па зьвестках Раскосмасу, рухавік ня выключыўся своечасова. У выніку 19 жніўня станцыя ўрэзалася ў паверхню Месяца і, як паведаміў Раскосмас, «спыніла сваё існаваньне».
Празь некалькі дзён пасьпяховую пасадку прыкладна ў тым жа раёне ажыцьцявіў пасадачны модуль «Вікрам» індыйскай місіі «Чандраян-3». На Месяцы пасьпяхова працуе індыйскі месяцаход, які перадаў на Зямлю фатаздымкі. Ён таксама прааналізаваў хімічны склад грунту ў раёне полюса Месяца.