Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб правядзеньні апэратыўна-вышуковых захадаў, каб знайсьці «махляроў з Украіны», якія спачатку прымусілі беларуску пералічыць ім грошы, а потым прымусілі спаліць свой кампутар у духоўцы нібыта з-за розьніцы ў палітычных поглядах.
Згодна з паведамленьнем, 53-гадовай жанчыне, жыхарцы Баранавіцкага раёну, нібыта спачатку патэлефанавалі праз мэсэнджэр і пераканалі яе аформіць крэдыт на 11,5 тысячы рублёў, потым — яшчэ адзін крэдыт. Усе гэтыя грошы пацярпелая пералічвала на рахунак тых, хто тэлефанаваў.
Потым пацікавіліся яе палітычнымі поглядамі, і калі даведаліся, што яны адрозьніваюцца ад іхных, прымусілі яе спаліць кампутар у духоўцы. Свае дзеяньні пацярпелая нібыта трансьлявала ім праз інтэрнэт.
Ніякіх дадатковых доказаў гэтага выпадку, а таксама паходжаньня кібэрзлачынцаў з Украіны, Сьледчы камітэт Беларусі не паведаміў.
Раней расейскія СМІ паведамлялі аб новай пасьля 2022 году хвалі падпалаў ваенкаматаў у розных гарадах Расеі. Сярод затрыманых — пераважна сталыя людзі, і невялікая частка — студэнты. Усе яны расказвалі сьледчым, што сталі ахвярамі тэлефонных махляроў. У некаторых выпадках яны прадстаўляліся супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў і пагражалі людзям турэмнымі тэрмінамі, калі яны ня выканаюць іхныя патрабаваньня. Людзі гэтаму верылі і ішлі з «кактэйлямі Молатава» да будынкаў вайсковых камісарыятаў.