Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Вялікае Княства Літоўскае — супольная спадчына сучасных беларусаў і літоўцаў


Вайсковы штандар Вялікага Княства Літоўскага. Ілюстрацыйная выява
Вайсковы штандар Вялікага Княства Літоўскага. Ілюстрацыйная выява

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі адзначыла, што з насьцярогай назірае за спробамі справакаваць раскол паміж беларусамі і літоўцамі вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

У заяве Рада БНР адзначыла, што распальваньне канфлікту не патрэбнае нікому з двух бакоў, а выгаднае толькі трэцяму.

«Рада БНР падкрэсьлівае, што любы публічны канфлікт між беларусамі і літоўцамі ёсьць перадусім выгодны нашым супольным ворагам — дыктатарскай пуцінскай Расеі, а таксама яе сатэліту, рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, які займаецца прасоўваньнем расейска-савецкага каляніяльнага ідэалягічнага і псэўдагістарычнага наратыву, варожага да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, і мэтанакіравана займаецца русыфікацыяй Беларусі, у тым ліку польскай і літоўскай меншасьцяў».

Рада БНР нагадала пра мінулыя спробы Масквы пасварыць беларусаў і літоўцаў у пачатку 90-х гадоў, каб перашкодзіць працэсу аднаўленьня незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі, які віталі і падтрымлівалі беларускія дэмакратычныя сілы — акурат тыя, чыя ідэнтычнасьць абапіралася на памяць пра Вялікае Княства Літоўскае. У студзені 1991 году сотні беларусаў прыехалі ў Вільню і сталі побач зь літоўцамі, абараняючы парлямэнт Літоўскай Рэспублікі і права літоўцаў на незалежнасьць.

«Спробы аспрэчыць права любога з нашых народаў называць сябе спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага і лічыць гістарычную Літву сваёй дзяржаваю ёсьць гістарычна беспадстаўнымі, заведама дэструктыўнымі і граюць на руку толькі і выключна агрэсіўным рэжымам Лукашэнкі і Пуціна».

Рада БНР падкрэсьліла, што вітае дзейнасьць у Літоўскай Рэспубліцы беларускіх палітычных, культурніцкіх і навучальных установаў, якая не была б магчымая без падтрымкі з боку ўладаў Літвы.

Таксама беларускі ўрад у выгнаньні адзначыў, што ў дыскусіях аб спадчыне ВКЛ неабходны ўзважаны погляд на гісторыю і разуменьне, што абодва народы зьяўляюцца спадкаемцамі той дзяржавы.

«У гэтай сувязі Рада БНР засьцерагае палітыкаў і лідараў грамадзкай думкі як Беларусі, так і Літоўскай Рэспублікі ад агрэсіўнай і дэструктыўнай узаемнай рыторыкі пры абмеркаваньні тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, каб гэтая аднолькава адчувальная для беларусаў і літоўцаў тэма не рабілася інструмэнтам маніпуляцый і правакацый з боку нашых агульных ворагаў».

  • Рада Беларускай Народнай Рэспублікі — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
  • Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2023 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні».
  • Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG