Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на волю Андрэй Скурко, колішні супрацоўнік «Нашай Нівы»


Андрэй Скурко з сынам Тамашам
Андрэй Скурко з сынам Тамашам

Цалкам адбыўшы прысуджаныя яму 2 з паловай гады зьняволеньня, з магілёўскай калёніі сёньня, 18 жніўня, вызваліўся колішні супрацоўнік «Нашай Нівы» Андрэй Скурко.

Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла ягоная жонка Паўліна.

Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году. У сакавіку 2022-га яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу «Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет раскраданьня, учыненае групай асоб» і асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Прэтэнзія палягала ў тым, што за камунальныя паслугі для памяшканьня, дзе месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы», плацілі па тарыфах для фізычных асоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асоб.

Сьледчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнэрга» была нанесена шкода больш за 10 тысяч рублёў, якую абвінавачаныя пакрылі ў поўным абʼёме. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.

На волі Андрэя чакалі жонка Паўліна і маленькі сынок Тамаш. Для яго ён увесь час зьняволеньня пісаў дзіцячыя вершы, якія склалі аснову зборніка «Пра сланоў і барсучкоў», выдадзенага ў мінулым годзе. Таксама за кратамі Скурко пераклаў на беларускую «Доктара Айбаліта» Карнея Чукоўскага, які стаў беларускім «Доктарам Будзь-Здароў».

Справа «Нашай Нівы»

  • Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
  • Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
  • «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
  • Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
  • Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
  • Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
  • Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG